Тэлегледачы просяць вярнуць у эфір Дарафеева

Лісты з адпаведнымі просьбамі яны накіроўваюць на тэлеканал АНТ. Але гаворкі пра тое, каб вярнуць “у тэлевізар” былога вядучага ток-шоу “Выбар”, пакуль не ідзе. Днямі з’явіліся чуткі, што Дарафееў, які цяпер працуе за кадрам і кіруе ранішнім эфірам, звальняецца з тэлеканала.

“ТіЦ” вырашыла праверыць, ці адпавядае людская пагалоска рэчаіснасці.

БЕЗ КРЫЎДЫ І ЗЛОСЦІ
 
Высветлілася, што Сяргей Дарафееў як працаваў на АНТ, так працуе і дагэтуль. Далёкіх планаў на жыццё не будуе. Пра лісты, якія дасылаюць на АНТ, ён ведае, а пра тое, на які час яго адлучылі ад эфіру — не. Кажа, што падобныя пытанні лепш за ўсё адрасаваць кіраўніцтву тэлеканала.
 
“Я вельмі спакойна да ўсяго стаўлюся, — не раз казаў і цяпер кажа журналістам зорка АНТ. — У мяне ёсць сваё меркаванне, але яно застанецца пры мне. Не заўважыць таго, што мяне падтрымліваюць тэлегледачы, немагчыма, і я вельмі ўдзячны ім за гэта. Але яшчэ раз хачу сказаць, што не лічу сябе нейкай ахвярай. Усё ў парадку. Мае адносіны да ўсяго і да ўсіх засталіся ранейшымі. Ніякай крыўды і злосці ў мяне няма”.

Сяргей Дарафееў у некаторых сваіх інтэрв’ю адзначаў, што мае прапановы аб працы ў іншых тэлекампаніях, прычым не толькі беларускіх. Аднак ён не хоча нешта мяняць у жыцці, што называецца, па гарачых слядах.

Ад вялікіх інтэрв’ю былы вядучы ветліва адмаўляецца. Кажа, што ніколі не рабіў са сваіх падзей у прафесійнай сферы піяру, а зараз, маўляў, і так вельмі шмат не зусім апраўданай увагі да яго “сціплай асобы”.

РЭНТГЕН

ЛЕАНІД МІНДЛІН:
“ВА ЎСІМ СВЕЦЕ ТОК-ШОУ ВЕЛЬМІ ПАПУЛЯРНЫЯ…”
 
Як вядома, замест перадачы ток-шоу “Выбар” на АНТ цяпер выходзіць “Адкрыты фармат”. Эфір пабачылі ўжо два выпускі. Адзін быў прысвечаны прэзідэнцкім выбарам, другі — беларуска-польскім стасункам.

Ці стала новае тэлешоу падзеяй? Хто лепшы з вядучых — Сяргей Дарафееў альбо Вячаслаў Бандарэнка і Тэнгіз Думбадзэ, якія замянілі першага ў эфіры па панядзелках? Чаго не хапае новай праграме?

Па нашай просьбе такі бліц-аналіз “Адкрытага формату” зрабіў медыяэксперт, тэлежурналіст, член савета БАЖ Леанід Міндлін.

— Першы выпуск новага ток-шоу, на мой погляд, быў правальным, — дзеліцца сваімі думкамі тэлежурналіст. — На яго сабралі людзей, якія казалі практычна адно і тое ж, і шоу не атрымалася. Праграма была безаблічнай.

Другі раз “Адкрыты фармат” атрымаўся больш цікавым. Там прысутнічалі людзі, здольныя дабавіць крыху энергетыкі. Але ток-шоу ўсё роўна было рыхлым, бо абмяркоўваць такую складаную тэму, як беларуска-польскія адносіны, не маючы альтэрнатыўнага пункту гледжання… Напэўна, у другога боку таксама было што сказаць.

Наколькі патрэбна была такая праграма пра беларуска-польскія стасункі, не ведаю, бо адносіны паміж краінамі і без таго складаныя. А пераконваць грамадства ў тым, што палякі дрэнныя… Не ведаю.
 
Праграма, якую рабіў Дарафееў, безумоўна, была больш дынамічнай. Але “Адкрыты фармат”, на мой погляд, будзе расці. І Думбадзэ, і Бандарэнка даволі сур’ёзна ставяцца да таго, што робяць. Дарэчы, можа, гэта якраз і не вельмі добра, бо не хапае менавіта шоу. Але гэта ўжо ўласцівасць большасці нашых айчынных перадач. Альбо нестае вынаходлівасці ў рэжысуры, альбо нейкіх паваротаў сцэнарных. Ток-шоу — гэта спектакль, і яго трэба будаваць па законах драматургіі, а ў “Адкрытым фармаце” пакуль няма на што глядзець у гэтым сэнсе. Адсутнічае інтрыга.
 
Увогуле, у Беларусі за апошнія гады не было паспяховых ток-шоу. Тое, што робіць на Першым нацыянальным Аляксандр Мартыненка, — гэта ўвогуле без “солі”. У “Адкрытым фармаце” “соль” можа з’явіцца, бо тэмы тут узнімаюцца крутыя.
 
“У амерыканскім падручніку журналістыкі ХІХ стагоддзя ёсць добры тэзіс: задача прэсы — амартызацыя сацыяльных канфліктаў і перавод іх у стадыю слоўных дэбатаў. А што можа быць большым за слоўныя дэбаты, як не ток-шоу? І чаму ва ўсім свеце яны такія папулярныя? Ток-шоу не вырашаюць ніякіх праблем, але там людзей пачынаюць гаварыць, у іх ёсць магчымасць “выпусціць дух”.
 
Калі кіраўніцтва АНТ хоча, каб “Адкрыты фармат” глядзелі (а я перакананы, што там пакуль не вельмі вялікая аўдыторыя), трэба запрашаць у эфір розных людзей, не толькі тых, якія ў адну дуду… Я разумею, што яны працуюць як савецкія прапагандысты ў свой час: усё сур’ёзна, ідэалагічна выверана, ніякіх крокаў убок.
 
Што тычыцца непасрэдна вядучых, то мне падаецца, што двое ў кадры — гэта не зусім апраўдана. Складваецца ўражанне, што яны адзін аднаму перашкаджаюць, паміж імі не назіраецца гульні. Таму што звычайна калі двое вядучых, то адзін працуе як добры следчы, а другі — як дрэнны. Але гэта зноў жа пытанні драматургіі. Бандарэнка і Думбадзэ быццам дапаўняюць адзін аднаго, аднак рытму няма. Сумна!”

Леанід Міндлін лічыць, што “новае ток-шоу на АНТ як падзея не адбылася. А некаторыя выпускі дарафееўскага “Выбару” былі падзеяй”.
 
Медыяэксперт мяркуе, што Сяргея Дарафеева праз нейкі час вернуць у эфір: “Пройдзе гэтая хваля, “перакіпіць”, і калі ён не знойдзе сабе новай працы, то вернецца на АНТ у якасці тэлевядучага. Абавязкова вернецца”.

 

Марына МІТ, TiЦ

ДА ВЕДАМА

Незалежныя эксперты лічаць, што прычынай закрыцця ток-шоу “Выбар”, якое вёў С.Дарафееў, стала яго асабістая пазіцыя падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі. Вядучаму не даравалі шэрагу пытанняў да Лідзіі Ярмошынай падчас ток-шоу, прысвечанага вынікам прэзідэнцкіх выбараў.
 
Дарафееў спытаў у Ярмошынай, ці бачыла яна ролік, у якім у тэхнікуме куратарка адной з груп патрабуе ад навучэнцаў з’явіцца на датэрміновае галасаванне, і ці з’яўляецца такая сітуацыя парушэннем заканадаўства. “Так, гэта парушэнне”, — адказала госця. “Дык, значыць, выбары прайшлі з парушэннямі?” — падлавіў яе Дарафееў. У выніку Лідзія Ярмошына дэманстратыўна пакінула студыю.
 
Перадача выклікала асабістае незадавальненне Аляксандра Лукашэнкі, які падчас прэс-канферэнцыі назваў вядучага “хлопчыкам-журналістам, якога трэба паставіць на месца”.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *