Любімыя жанчыны кандыдатаў у прэзідэнты

Калі ў Беларусі пасля 19 снежня будзе новы кіраўнік дзяржавы, то якая ў нас з’явіцца першая лэдзі?
 
Адказ на гэтае пытанне спрабуе знайсці “Тут і цяпер”.
 

А. Лукашэнка не любіць, калі лезуць у яго асабістае жыцце
 
Аляксандр Лукашэнка неяк шчыра прызнаўся журналістам, што ягоная сям’я — гэта маці і дзеці. “Больш нікога ў мяне няма”, — не жартам сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
 
Лукашэнка эмацыйна кажа, што не любіць, калі лезуць у ягонае прыватнае жыццё. І, між іншым, не ён адзіны.
 
Хопіць трох пальцаў, каб пералічыць беларускіх палітыкаў, якія могуць больш-менш шчыра агучыць свае адносіны да шлюбу, распавесці пра першае альбо апошняе каханне. Пра тое, за што апошні раз прасіў прабачэння ў жонкі альбо з-за чаго шлюб аказаўся на мяжы скасавання, альбо што адчуваў, калі гуляў у парку з дзецьмі і жонкай.
 
Большасць так званых палітыкаў увогуле не размаўляюць на такія тэмы. І не таму, што няма чаго распавесці. Многім здаецца, што гэта не так важна, як унутраны валавы прадукт, крэдыты, рэйтынгі, зброя і іншыя больш сур’ёзныя рэчы. А астатняе — дурныя бабскія размовы.
 
Між іншым, такія, здавалася б, несур’ёзныя і будзённыя падрабязнасці з асабістага жыцця той ці іншай асобы найбольш запамінаюцца.
 

“Эратычнае” інтэрв’ю Раманчуку ўзгадваюць дагэтуль
 

Той жа вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук прызнаўся: “Даў процьму інтэрв’ю і каментарыяў, напісаў сотні не самых горшых артыкулаў на эканамічныя тэмы, выдаў некалькі кніжак, а самым рэзанансным стала “эратычнае” інтэрв’ю, дадзенае “Народнай Волі”! Мне яго дагэтуль узгадваюць”.
 
У Беларусі няма прыгожых гісторый пра першую лэдзі. Як няма і яе выхадаў у свет. І з цяперашніх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду толькі адзінкі “засвяцілі” ў прэсе сваіх жонак. “Тут і цяпер” вырашыла пацікавіцца магчымымі першымі лэдзі краіны.

 
У Дзмітрыя Уса жонка цяжарная
 
Дзмітрый Ус якраз з тых палітыкаў, якія пытанні “пра асабістае” лічаць другаснымі.
“Мая жонка на сёмым месяцы — мы чакаем хлопчыка, — распавёў палітык. — Маёй жонцы 24 гады, мы жанатыя два гады. Яна мае эканамічную адукацыю, працавала ў фірме маім памочнікам”.
Дарэчы, гэта не першы шлюб Дзмітрыя Уса. Ягоная першая жонка памерла, застаўся сын, якому цяпер 14 гадоў.
 
“Мая цяперашняя жонка была катэгарычна супраць таго, каб я балаціраваўся на прэзідэнцкую пасаду, — гаворыць Дзмітрый. — Вы пытаецеся, ці гатова яна быць першай лэдзі. Мне падаецца, што зараз не гэтае пытанне самае галоўнае. Важна, каб у краіне адбыліся сапраўдныя выбары, каб было дэмакратычнае грамадства, каб дэпутатаў і губернатараў не прызначалі, а выбіралі; каб урачы і настаўнікі ставілі сваі подпісы за таго ці іншага кандыдата не пад прымусам, а добраахвотна. Трэба, каб звалілася старая сістэма, а ўжо потым можна будзе гаварыць пра першую лэдзі і ўсё такое. Гэта такое чыста жаноцкае пытанне, мне падаецца, — пра першую лэдзі…”.

 
Віктара Цярэшчанку жонка выгнала з ложка
 
Адбылося гэта тады, калі яна даведалася, што ён збіраецца пайсці ў прэзідэнты.
 
— Калі напрыканцы жніўня я паведаміў сваёй каханай, што прыняў намер балаціравацца на прэзідэнцкую пасаду, то стаў спаць на канапе, — гаворыць Віктар Іванавіч.
 

— Прашу прабачэння за інтымнае пытанне: а зараз дзе спіцё?
 
— Зараз ужо зноў на ложак перабраўся. Але дні два-тры давялося быць, так бы мовіць, у вымушанай эміграцыі. А цяпер жонка — мой актыўны прыхільнік і памочнік.
 
У мяне вельмі разумная другая палавінка. Па адукацыі яна інжынер-будаўнік і эканаміст. Яна кладзецца спаць пазней за мяне, а падымаецца рана. Я яшчэ толькі расплюшчу вочу і пагалюся, а яна ўжо і снеданне прыгатавала, і пошту электронную прачытала, сайты асноўныя прагледзела і за кубкам гарбаты ўжо інфармуе мяне аб усім.
 
Віктар Цярэшчанка кажа, што ён не з тых мужчын, якімі кіруюць жонкі.
 
— Я за роўныя правы мужа і жонкі. За тое, каб рашэнні прымаліся разам. Я ні ў якім разе не выступаю за тое, што жанчына павінна сядзець дома, займацца кухняй і дзецьмі.
 
Між іншым, Віктар Іванавіч жанаты ў другі раз, і яго першая жонка ўваходзіць у склад яго ініцыятыўнай групы. Дарэчы, разам з першай цешчай.
 
— З другой жонкай мы разам ужо больш за 10 гадоў, — не ўтойвае падрабязнасцей асабістага жыцця Цярэшчанка. — Яна была маёй студэнткай. Старэйшай дачцэ ад першага шлюбу 39 гадоў, яна юрыст і эканаміст, жыве ў Сухараве, працуе на кіруючай пасадзе ў прыватнай фірме. Другой дачцэ 25 гадоў, а самай малодшай — 9, яна вучаніца чацвёртага класа. З першай жонкай мы сябруем. Яна ўваходзіць у склад маёй ініцыятыўнай групы (цешчы, дарэчы, таксама — і першая, і другая). Збіраюць подпісы за мяне. Вы ж бачыце, я не дыктатар, нармальны хлопец. І мая сямейная гісторыя — добры таму прыклад. Але гэта не значыць, што калі стану прэзідэнтам краіны, то ў Беларусі будуць дзве першыя лэдзі. Адну я дакладна гарантую…
 

Тры жанчыны Уладзіміра Някляева
 
Праз жыццё Уладзіміра Някляева прайшлі тры жанчыны, якіх ён кахаў. “Астатнія “хаджэнні” — хутчэй, перабольшанні ды байкі”, — так напісаў сам Някляеў у сваім інтэрнэт-дзённіку.
 
“З Людмілай ажаніліся, калі мне было 19, а ёй — 25, — не ўтойвае інтымных падрабязнасцей Уладзімір Пракопавіч. — Пражылі разам 35 гадоў. Дасталася мне першая жонка з дачкой Ілонай. Няпроста Ілона зрабілася маёй дачкой, але ўсё ж такі стала ёю. Малады быў, дурны, гармоны ў галаву білі. Усё ж, што рабіла Людміла, было з любоўю да мяне. І ўрэшце я зразумеў, што яе з маленькай Ілонай мне сам Бог паслаў. Пасля нарадзілася Ева. Доўга Еву чакалі, і стала яна сапраўдным цудам, падарункам, які зрабіла мне Людміла”.
 
Была ў жыцці Някляева і жанчына-сон. Завуць яе Наталля.
 
“Яна сапраўды была сном, бо толькі ў сне мы лятаем, а з Наталляй я лятаў, — гаворыць Някляеў. — Прыгожая, інтэлігентная, разумная. Магчыма, занадта разумная. І свабоды ў ёй было зашмат… Нават для мяне. Наталля была ў маім жыцці моцным, палкім момантам, за што я ёй і ўдзячны”.
 
Цяпер лаўрэат Дзяржпрэміі да кахання ставіцца не так, як у маладосці.
 
“У маладосці быў упэўнены, што пасля трыццаці пра каханне можна проста забыцца, а цяпер, калі маю ці не ўдвая больш гадоў, аказалася, што не, — гаворыць праўду Някляеў. — Цяпер перакананы, што менавіта ў гэтым узросце, калі Бог дасць табе пакахаць, ты і зразумееш, што такое каханне ў найглыбейшым сэнсе. Тое каханне, пра якое здымаюць фільмы і складаюць легенды. У маладосці гэта жарсць, палавыя органы… Ад самога пачуцця праз тое амаль нічога і не застаецца, яно згарае ў выбухах тэстастэрону і бунце гармонаў. Вольга маладзейшая за маю старэйшую дачку Ілону і старэйшая за малодшую Еву. Знайшліся мы з ёй у супольным лёсе па адчуванні свята.
 
Калі працаваў у рэдакцыі часопіса «Крыніца», заўжды імкнуўся зрабіць свята. Новы год, напрыклад, адзначыць. Сам мітусіўся, падарункі для ўсіх шукаў, прывозіў… Але не ўсе супрацоўнікі падтрымлівалі маё імкненне. А яна — тады зусім яшчэ дзяўчынка, толькі пасля ўніверсітэта — падтрымала. І нават сама аднойчы прыйшла і прапанавала: “Уладзімір Пракопавіч, можа, мы ёлачку ў рэдакцыі паставім?” І я зразумеў, што з’явіўся чалавек, згодны раздзяліць са мной свята. А потым ужо было позна разважаць”.
 
Кажуць, што маладая жонка кантралюе ледзь ці не кожны крок Някляева. І ўжо існуе меркаванне аб тым, што калі зоркі раптам сыдуцца і Някляеў стане першай асобай Беларусі, то кіраваіць і ім, і краінай будзе не ён, а Вольга.
 
— Мая маладая жонка мае права толькі кахаць мяне, — рашуча адказаў на заўвагу Някляеў. — Больш ніякіх правоў яна не мае.
 
— Калі я гэта надрукую, то вы станеце ахвярай не толькі феміністак, але і праваабаронцаў…
 
— Я хацеў сказаць, што права мяне кахаць дае маёй жонцы і ўсе астатнія правы. Але толькі нада мной. Ніякіх рашэнняў, звязаных з палітыкай і маёй палітычнай дзейнасцю, яна не прымае. І прымаць не будзе. Нават журналісты, якія хацелі яе вывесці на поле публічнасці, у адзін голас скажуць, якіх высілкаў каштавала хоць бы нейкае слова ад яе займець, бо яна катэгарычна супраць публічнасці. Вольга лічыць недапушчальным рабіць прыватнае жыццё публічным. Для яе гэта непрымальна. Але можна сказаць, што яна змірылася з маім статусам палітыка. Прыняла гэта як непазбежнасць, бо вельмі мяне кахае…
 
Працяг будзе.
Марына МІТ
www.svabodaby.net

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *