Выкладаеш па-беларуску — 20% прыбаўкі да зарплаты

26 студзеня 1990 года Вярхоўны савет БССР ХІ склікання прыняў “Закон аб мовах”, які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай. Ён стаў юрыдычнай базай для пашырэння беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця краіны.
 
І з 1990 па 1995 гады беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі! У сярэдніх школах у 1994-1995 гадах навучалася па-беларуску ўжо больш за 75% вучняў.
 
“Але сітуацыя рэзка змянілася пасля рэферэндума 1995 года. Замест таго, каб сапраўды ўраўняць статус беларускай мовы са статусам рускай, улада ў 1998 годзе ўнесла ў “Закон аб мовах” такія праўкі, якія практычна скасавалі вынікі рэферэндума і дазволілі распачаць татальную русіфікацыю, асабліва ў сферах адукацыі і дзяржаўнага кіравання”, — кажуць у Таварыстве беларускай мовы.
 
У сувязі з гэтым ТБМ звярнулася да кіраўніцтва краіны з патрабаваннем адмяніць папраўкі, унесеныя ў “Закон аб мовах” у 1998 годзе. Прапануецца выдаць указ прэзідэнта “Аб пашырэнні сферы ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы”, якім бы прадугледжвалася:
«1. Павялічыць колькасць гадзін беларускай мовы і літаратуры ў школах.
 
2. Аднавіць у ВНУ курс “Беларусазнаўства” на беларускай мове.

3. Вярнуць ва ўсе школы краіны выкладанне курсаў гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску.

4. Адкрыць да 1 верасня 2010 г. у кожным абласным і раённым цэнтры Беларусі па адной беларускамоўнай школе ці гімназіі (асабліва ў Гродне і Магілёве).

5. Зрабіць даплаты ў памеры 20% заробку выкладчыкам ВНУ, якія выкладаюць свае прадметы па-беларуску.

6. Зрабіць абавязковым школьны экзамен па беларускай літаратуры».

Можна спрагназаваць, што гэтыя прапановы будуць праігнараваныя.
Бо на прэс-канферэнцыі 30 снежня мінулага года Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне, якое тычылася магчымасці дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы, заявіў: «Пытанні моўныя аднойчы і назаўсёды ў краіне вырашаныя, па крайняй меры, у той перыяд часу, пакуль я буду прэзідэнтам нашай Беларусі».
 
Паводле яго слоў, пытанне мовы «адназначна» вырашана на рэферэндуме-1995 — і ён не збіраецца ўносіць якіясьці дапаўненні і новаўвядзенні. «Жадаеце размаўляць на беларускай мове — размаўляйце, вам ніхто не перашкаджае; хотите говорить на русском языке, пожалуйста, говорите».

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *