Мілінкевіч патрабуе ад «Народнай Волі» абвяржэння «заказухі»

Лідэр Руху “За Свабоду” лічыць, што матэрыял «Отбеливатель «М.», пададзены ў “Народнай Волі” за 19 траўня 2009, мае яўна паклёпніцкі, “заказны” характар. А галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдзіч кажа, што публікацыя мусіць пачаць агульнанацыянальную дыскусію па лёсавызначальных пытаннях.
 
Аляксандр Мілінкевіч учора, 21 траўня, накіраваў ліст Іосіфу Сярэдзічу, у якім патрабуе надрукаваць абвяржэнне і даць магчымасць выказаць на старонках “Народнай Волі” сваю пазіцыю.
Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што матэрыял «Отбеливатель «М.», пададзены ў нумары №75-76 “Народнай Волі” за 19 траўня 2009, мае яўна паклёпніцкі, “заказны” характар.
 
Лідэр Руху “За Свабоду” патрабуе, каб рэдакцыя “НВ” прадставіла доказы альбо змясціла абвяржэнне і прабачэнні. Ён таксама просіць змясціць у наступным нумары газеты ліст да галоўнага рэдактара і сапраўдную пазіцыю палітыка, выкладзеную ў звароце да дэмакратычных актывістаў.
У інтэрв’ю “Мы” Іосіф Сярэдзіч заявіў, што пытанні, узнятыя ў матэрыяле «Отбеливатель «М.» з’яўляюцца “не тусовачнымі, а нацыянальнай важнасці”. На інтарэс, чаму матэрыял з’явіўся праз 2 месяцы пасля ягонага патраплення ў сеціва, Сярэдзіч адказаў: “Чытайце ўрэзку!”.
 
— Абмеркаванне гэтых пытанняў павінна ісці адкрыта, публічна. Няхай, калі ласка, гэтая дыскусія разгортваецца на старонках “Народнай Волі”. Якія гэта абвінавачванні? Чаму аўтар не можа выказаць сваё меркаванне, сваю пазіцыю? Абвінавачваюць следчыя, а публіцысты не абвінавачваюць.
 
Паводле Сярэдзіча, за 14 год кіравання краінай Аляксандра Лукашэнкі рэдакцыя “НВ” не атрымлівала ад яго такіх пасланняў, як зараз ад Мілінкевіча.
 
— Хлопцы, не будзьце папугайчыкамі! А тое, што праз месяц, праз два мы вынеслі гэтую праблему, то мы хочам, каб сапраўды вакол гэтай праблемы адбылася нацыянальная дыскусія! І, калі ласка, няхай і адзін бок, і другі, і шырокая грамадскасць выкажуцца. Лепей будзе і для краіны, і для грамадства.
 
У наступны аўторак, абяцае Іосіф Сярэдзіч, меркаванне Аляксандра Мілінкевіча будзе размешчана на старонках нумара “НВ”.
 
— Мы нікому адмаўляць не будзем. Я думаю, што дыскусія толькі пачынае разгортвацца. А тое закуліснае, тусовачнае абмеркаванне, якое ішло ў той жа апазіцыі, карысці не мела. Па лёсавызначальных праблемах дыскусія павінна быць адкрытай.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *