Як беларусам нацыяй стаць?


Сёння грамадзяне Беларусі расколатыя на два лагеры. Яны жывуць пад двума сцягамі, маюць два гербы і дзве дзяржаўныя мовы. Грамадства раз’яднанае не толькі палітычна, але і на грунце стаўлення да розных перыядаў мінуўшчыны і гістарычных падзеяў і суб’ектаў. Як яго кансалідаваць? Пяць рэцэптаў ад экспэртаў “Заўтра тваёй краіны”.

 
Па словах нямецкага дырэктара Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Яханэса Рау Астрыд Зам, гісторыя заўжды з’яўляецца і прадметам палітычных дыскусіяў, і нават палітычных канфліктаў. Сёння канкуруючыя палітычныя праекты прапаноўваюць розныя культурна-гістарычныя варыянты інтэрпрэтацыі беларускае гісторыі.
 

— Адны пераважна арыентуюцца на досвед савецкай, партызанскай Беларусі, іншыя больш арыентуюцца на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, — адзначыла Астрыд Зам на “круглым стале” “Памяць і будучыня: прастора і ідэнтычнасць у Беларусі”, які адбыўся ў рамках ХІ Мінскага форума. — У апошнія гады адбылася пэўная пераарыентацыя, і сёння ўжо ёсць афіцыйныя спробы інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі і нацыянальнай ідэнтычнасці, якія імкнуцца інтэграваць два гэтыя прыклады гістарычнае мінуўшчыны.
 
Што для беларуса гістарычная памяць
 

З меркавання кандыдата гістарычных навук Ігара Кузняцова, цяпершняе кіраўнгіцтва Беларусі зусім не надае ўвагі такой старонцы беларускай гісторыі, як сталінскія рэпрэсіі. За апошнія дваццаць год у Беларусі не абаронена ніводная дысертацыя па гісторыі палітычных рэпрэсіяў. Па словах навукоўца, на дзяржаўным узроўні не было заўважанае сямідзесяцігоддзе пачатку самай моцнай хвалі сталінскіх рэпрэсіяў, дваццацігоддзе адкрыцця праўды пра Курапаты.
 

— Мала таго, пасля 2003 года прайшла “зачыстка” гістарычнай навукі на тэрыторыі Беларусі, — кажа Ігар Кузняцоў. – З Інстытута гісторыі НАН звольнены вядомыя навукоўцы Стужынская, Сагановіч, Тарасаў, Кіштымаў, спіс можна працягваць. Палітолагі неяк больш выжылі, сацыёлагі пайшлі ў Вільнюс у эміграцыю, а гісторыкаў “дабіваюць” на нашай тэрыторыі.
 

Што да гістарычнае памяці, без якой увогуле не можа існаваць паўнавартаснае грамадства, то Ігар Кузняцоў прывёў прыклад мястэчка Трасцянец пад Мінскам, дзе ў 30-40-я гады былі расстраляныя каля 30 тысяч вязняў сталінскіх турмаў, а пад час Другой сусветнай вайны былі закатаваныя ўжо фашыстамі больш за 200 тысяч чалавек, сярод іх — велізарная колькасць габрэяў, у тым ліку і прывезеных з Нямеччыны ды іншых еўрапейскіх краінаў.
 

— На мерапрыемствах, звязаных з 65-годдзем знішчэння Мінскага гета, прэзідэнт Беларусі сапраўды павярнуўся тварам да Халакоста – да праблемы, якая доўга замоўчвалася ў Беларусі, і тады было сказана, што найбліжэйшым часам у Трасцянцы будзе створаны мемарыял еўрапейскага ўзроўню ахвярам нацызму. Пра ахвяраў сталінізму – ні слова. Хаця пераважная бальшыня знішчаных у Трасцянцы — гэта адзін народ, а яго штучна спрабуюць падзяліць, што далёка не спрыяе кансалідацыі, — падкрэслівае Ігар Кузняцоў.
 
Канслідуючая вайна

 
На думку загадчыка кафедры гісторыі і беларусазнаўства Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Сяргея Новікава, вялікі ўплыў на свядомасць беларусаў аказвае гісторыя менавіта мінулай вайны, і гэтая тэма таксама можа стаць пэўным чыннікам для кансалідацыі беларускага грамадства.
 

— Суверэнная беларуская нацыя абавязана мець не толькі нацыянальную гісторыю, але і нацыянальную памяць, — лічыць навуковец. — Патрэба ў гэтым існуе па той прычыне, што беларусам у будучыні неабходна годна глядзець у вочы сваім дзецям і быць упэўненымі ў галоўным: ваенная гісторыя застанецца надзейна служыць справе ўмацавання суверэнітэта беларускай дзяржавы і на справе стане гарантам будучыні беларускага грамадства.
 
Краіна павінна мець сваіх герояў
 

Сёння дзяржава не ў той бок накіроўвае працу з моладдзю, каб маладыя людзі маглі лічыць сябе беларусамі, лічыць музыкант, літаратар і мастак Лявон Вольскі:
 

— Моладзевая дзяржаўная палітыка – гэта крах. Усе гэтыя БРСМы, святкаванні 90-годдзя камсамолу ў дзяржаве, дзе ніякага камсамолу ўжо 20 гадоў як няма – “всё это было бы смешно, когда бы не было так грустно”. Людзей, якія не атаясамліваюць сябе з камуністычнай мінуўшчынай, цяжка правабіць такімі ідэямі, — мяркуе лідэр рок-гурта НРМ. — Каб не было ў 1937-м годзе практычна татальнага вынішчэння беларуска арыентаванай інтэлігенцыі ў нашай краіне, мы б зараз не вялі ніякай размовы пра самаідэнтыфікацыю і ідэнтычнасць беларусаў.
 

Паводле словаў эксперта, у пэўнай ступені кансалідаваць грамадства можна было б з дапамогаю вобразаў пэўных нацыянальных, гістарычных герояў.
 

З Вольскім пагаджаецца і Сяргей Новікаў.
 

— Я падзяляю думку, што для кансалідацыі павінна быць гістарычная глеба, — кажа навуковец. – Міф альбо міфы, якія стварылі ў нашай краіне, праіснавалі пэўны час, але ж ён на тое і міф, што калісці стане бурбалкай, а бурбалка абавязкова лопаецца. Такіх бурбалак ужо шмат палопалася, таму патрэбна сапраўды праўдзівая глеба, і нельга пакідаць па-за межамі сённяшняга светапогляду любы факт айчыннае гісторыі. І чым больш праўдзівай будзе наша гісторыя, тым больш надзейнай глебай будзе яна для нашай нацыянальнай кансалідацыі.
 
Усё пачнецца з дыялогу
 

Паводле палітолага Валерыя Карбалевіча, няма нічога кепскага ў тым, што ўлады спрабуюць выхоўваць патрыятызм сярод моладзі і наогул насельніцтва Беларусі праз прыклады дасягненняў у спорце, разнастайных конкурсах і гэтак далей. Але важнай застаецца менавіта праблема яднання грамадства.
 

— Немагчыма нейкая кансалідацыя нацыі, грамадства ва ўмовах таго фундаментальнага светапогляднага разладу, разлому, які сёння існуе, які сёння заганяецца ўладамі ўсё больш у нейкае гета, — упэўнены эксперт. — Пачатак кансалідацыі павінен адбыцца з пачаткам дыялогу, і не толькі дыялогу паміж Беларуссю і Захадам, але з пачатку павінен быць дыялог унутры беларускага грамадства. Павінна пачацца нейкая публічная дыскусія аб тым, куды ж мы ідзем, у які бок. Ці мы будзем ствараць нейкую саюзную дзяржаву з Расіяй, таму што гэтая ідэя, хаця і задвінута крыху ў бок, але ж яна не знята з парадку дня, ці ўсё ж мы будзем будаваць нейкую нацыю і на якіх падставах. То бок, патрэбна агульнанацыянальная дыскусія, патрэбны дыялог усіх палітычных, нацыянальных і культурніцкіх сіл, чаго сёння ў нас абсалютна не адбываецца.
 

З меркавання Валерыя Карбалевіча, без гэтага ва ўмовах расколу ніякай кансалідацыі ў прынцыпе немагчыма чакаць.
 
Проста пачуваць сябе беларусам
 

Як падкрэсліў старшыня Беларускага фонда міра Марат Ягораў, для кансалідацыі грамадства вельмі важна, каб беларусамі пачуваліся ў Беларусі ўсе людзі, што тут пражываюць, не залежна ад нацыянальнасці і паходжання. — Важна, каб кожны казаў: я люблю Беларусь, я люблю свой народ, — зазначае Марат Ягораў. – Я рускі, але мае дзеці, унукі, праўнукі нарадзіліся на гэтай зямлі. Хто яны? Беларусы! І я таксама беларус! Не важна, што пісар у 1941-м годзе, калі я ішоў на фронт, напісаў, што я рускі, але калі я стаў чалавекам на гэтай зямлі, то я – беларус.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *