Першы суд за Плошчу-2010. Васіль Парфянкоў

У Фрунзэнскім судзе Менску пачаўся працэс над Васілём Парфянковым, якога вінавацяць ва ўдзеле ў масавых непарадках на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Судовы працэс адкрыты.
 
11.30 Парфянкоў пацьвердзіў, што Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч заклікалі ня біць вокны і дзьверы, а супакоіцца.
 
11.20 Паводле пракурора, ён 61 раз біў у дзьверы. Парфянкоў сказаў, што проста паддаўся «стаднаму інстынкту», але ніхто біць не заклікаў.
 
11.00 Праваабаронцу Валянціна Стэфановіча не пусьцілі ў залю суду з-за адсутнасьці месцаў.
 
Валянцін Стэфановіч»Ну, і гэта адвечная праблема нашых судоў, што залі малыя і туды ня ўсе жадаючыя могуць прайсьці. Цікава, што гэты працэс адкрыты, бо была раней інфармацыя, што расейцаў будуць судзіць ў закрытым працэсе. Нейкія нелягічныя дзеяньні. Калі па адной справе ўсе праходзяць, то што за дыфэрэнцыраваны падыход? У адным выпадку адкрыты, у другім закрыты. Альбо яны арыентуюцца па тым, што чалавек казаў на папярэднім сьледзтве? Калі чалавек віну прызнае і нейкія патрэбныя паказаньні даваў, то яны робяць адкрыты працэс. А дзе доказаная база слабая, там закрыты. Хіба так?»
 
Паводле Стэфановчіа, у будынку шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Тут жа знаходзіцца некалькі сьведкаў, якіх выклікалі для допыту ў працэсе. Раней іх дапытвалі па справе.
 
Таксама не змайглі прайсьці ў залю суду старшыня БХК Алег Гулак, праваабаронца Людміла Гразнова і экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі.
 
10.50 Васіль Парфянкоў прызнаў віну часткова, што ўдзельнічаў у мітынгу, але ня біў шкла ў будынку.
 
10.20 Судзьдзя паведаміла, што агульныя страты, нанесеныя будынку Дому ўраду, склалі 14 мільёнаў рублёў.
 
Працэс вядзе судзьдзя Вольга Комар.
 
 
У судзе сказалі, што фота- і відэаздымкі падчас працэсу весьці нельга.
 
Перад пачаткам працэсу ў залі, якая мае 40 месцаў, знаходзіцца шэраг міліцыянтаў у цывільным. Таксама ў залю пусьцілі некаторых праваабаронцаў і журналістаў. Васіля Парфянкова трымаюць у мэталёвай клетцы, яго ахоўваюць два міліцыянты.
 
Супрацоўнікамі міліцыі кіруе палкоўнік Яўсееў.
 
Справа «Плошча-2011»
 
Парфянкоў Васіль — актывіст штабу Ўладзімера Някляева, затрыманы 4 студзеня ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (знаходзіўся пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага).
 
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», абвінавачаньні па справе аб масавых беспарадках, якая заведзена пасьля правядзеньня акцыі пратэсту 19 сьнежня супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, прад`яўленыя 42 грамадзянам. Зь іх 32 утрымліваюцца пад вартай, 2 — пад хатнім арыштам і пад аховай, 8 знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Яшчэ 12 маюць статус падазраваных, зь іх 2 знаходзяцца па-за межамі краіны. Колькасьць падазраваных і абвінавачаных павялічваецца.
 
Артыкул 293 «Масавыя беспарадкі»
 
1. Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады,
 
караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.
 
2. Удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным зьдзяйсьненьні дзеяньняў, названых у частцы першай, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *