Расейскія СМІ: Змена ўлады ў Беларусі непазбежная

Інфармацыйны ціск на Лукашэнку з боку Расеі напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі будзе толькі нарастаць.
 
Як піша расейская газета «Наша Версия», адносіны паміж Менскам і Масквой планамерна каціліся пад гару апошнія некалькі гадоў. Сяброўства «саюзных» дзяржаў дало расколіну пасля таго, як расейскія ўлады, стаміўшыся слухаць супярэчлівыя заявы беларускіх калегаў, вырашылі перавесці дыялог у канкрэтную плоскасць і атрымаць ад супрацоўніцтва матэрыяльную аддачу. Гэтым летам супрацьстаянне ўвайшло ў вострую фазу: упершыню Крэмль адкрыта выказаў жаданне зняць з пасады цяперашняга кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Ці пройдзеная кропка вяртання ў двухбаковых адносінах і ці зможа ўтрымацца Лукашэнка на сваёй пасадзе?
 
У ліпені паміж Масквой і Менскам пачалася сур’ёзная бітва ў інфармацыйнай прасторы. Тэлеканал НТВ паказаў дакументальны фільм «Хросны бацька», у якім Аляксандра Лукашэнку абвінавацілі ва ўсталяванні дыктатуры і фізічнай ліквідацыі небяспечных палітыкаў. Услед за першай стужкай рушыла і другая частка выкрыцця, а літаральна тыдзень таму ў эфіры прайшоў «Хросны бацька-3». У апошняй частцы «серыяла» кіраўніку саюзнай дзяржавы быў пастаўлены дыягназ — мазаічная псіхапатыя.
 
Беларускія прапагандысты адказалі масіраванай антырасейскай атакай на галовы суграмадзян. Эфірны час далі прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі, ад якога, зразумела, добрага слова ў адрас Расеі не дачакаешся. Афіцыйны орган друку савета міністраў Беларусі апублікаваў крытычны даклад Барыса Нямцова «Пуцін. Вынікі. 10 гадоў» з каментарамі мясцовых публіцыстаў. Рэзка змяніўся тон тэлеперадач навінаў. Пра Расею сталі гаварыць толькі ў негатыўным ключы — пажары, карупцыя, злачыннасць і г.д., — супрацьпастаўляючы яе цудоўнаму жыццю ў Беларусі. Расейскія каналы падвяргаюцца цэнзуры, каб нішто не руйнавала пазітыўны вобраз роднага краю.
 
Вайна кампраматам пачалася не толькі на ўзроўні СМІ, дзеянні якіх можна спісаць на самастойную актыўнасць асобных выдаўцоў, але і на ўзроўні кіраўніцтва краін. Дзмітрый Мядзведзеў абвінаваціў Лукашэнку ў хлусні, заявіўшы, што той у прысутнасці іншых прэзідэнтаў за зачыненымі дзвярыма абяцаў прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, але не зрабіў гэтага. Лукашэнка, адказваючы на папрок, абвінаваціў расейскага калегу ў «несумленнасці» і ў тым, што Мядзведзеў «непрыстойна выцягвае пэўныя рэчы». Памочнік прэзідэнта Расеі Сяргей Прыходзька прапанаваў апублікаваць стэнаграмы гутаркі з Лукашэнкам, каб той не мог адкруціцца ад дадзеных абяцанняў. «Можам апублікаваць і іншыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць даволі цікавымі як беларускай, так і міжнароднай грамадскасці», — паведаміў Прыходзька.
 
Падобна да таго, што канфлікт паміж кіраўніцтвам Расеі і Беларусі на гэты раз не ўдасца хутка звесці на нішто. «Інфармацыйны ціск на Аляксандра Лукашэнку з боку Расеі напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі будзе толькі нарастаць», — мяркуе беларускі палітолаг Юрый Баранчык. 7 верасня беларускі «парламент» збярэцца на пазачарговую сесію для зацвярджэння даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў.
 
Поўнамаштабная інфармацыйная вайна, як лічаць назіральнікі, паказвае, што Крамлю надакучыла мець справу з непрадказальным кіраўніком суседняй дзяржавы. «Паказ па расейскіх каналах серыялаў, пікіроўкі, якія адбываюцца на самым высокім узроўні, сведчаць пра тое, што ў Расеі ўзаемаадносіны з Аляксандрам Лукашэнкам дайшлі да мяжы. Ён проста дастаў многіх у Расеі сваімі паводзінамі, сваімі каментарамі, сваімі ўчынкамі, якія не адпавядаюць прадстаўленням Крамля аб саюзных адносінах», — каментуе першы намеснік старшыні Камітэта Дзярждумы па справах СНД Канстанцін Затулін.
 
Апошнія гады легітымнасць улады Аляксандра Лукашэнкі шмат у чым забяспечвалася за кошт адабрэння Масквы і партнёраў па СНД. Заходнія краіны адмаўляюцца прызнаваць беларускага кіраўніка і ўспрымаюць яго толькі як узурпатара. Без фінансавай падтрымкі з боку Расеі трашчыць па швах і «беларускі эканамічны цуд», які забяспечвае ўхваленне палітыкі Лукашэнкі ўнутры краіны.
 
Змена ўлады пасля страты Расеі ў якасці саюзніка падаецца ў Беларусі непазбежнай. Як перакананы палітолаг Юрый Баранчык, у адносінах Масквы і цяперашняга беларускага кіраўніка пройдзеная кропка вяртання. «Масква ні пры якіх умовах не прызнае легітымнай перамогу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, у тым выпадку, калі ён вылучыць сваю кандыдатуру і забяспечыць сабе, як і раней,«элегантную перамогу», — лічыць ён. Прычым ёсць інфармацыя, што пазіцыі Масквы і Брусэля супадаюць, што здараецца нячаста. Гэта азначае, што Лукашэнка рызыкуе застацца без якой-небудзь істотнай падтрымкі ў свеце. І прастора для манеўру імкліва звужаецца. Выбары Лукашэнка хутчэй за ўсё «выйграе», але ўтрымацца не зможа. Паводле здагадкі палітолага, пасля перавыбрання Лукашэнка пяройдзе на «адкрыта русафобскія пазіцыі» і пачне рэзка закручваць гайкі ўнутры краіны. «Спроба ўтрымаць уладу сілавым шляхам не мае ніякага дачынення да выйгрышу сітуацыі, паколькі яна ўжо прайграная — пройгрыш, перш за ўсё канцэптуальны, ужо адбыўся», — кажа Баранчык.
 
Даведка:
 
Штотыднёвая газета «Совершенно Секретно — Версия» была заснаваная ў 1998 годзе вядомым расейскім журналістам Арцёмам Баравіком. Журналісцкі калектыў выдання праславіўся шэрагам гучных расследаванняў, публікацыяй сенсацыйных матэрыялаў. У 2005 годзе газета атрымала новае імя — «Наша Версия». 

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *