Дзень Незалежнасьці. Час, калі мы былі гістарычна шчасьлівымі

25 Жніўня 1991 года ажыцьцявілася двухсотгадовая мара цэлых пакаленьняў беларускіх змагароў з расейскім заборам.
 
Жнівень – фатальны месяц для расейскай палітыкі. Бальшыня міжнародных і ўнутраных злачынстваў Расеі былі зробленыя ў жніўні. Але для беларусаў жнівень якраз добры месяц, бо тое, што расейцу сьмерць, беларусу — воля.
 
У гістарычны дзень 25 Жніўня пад напорам дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і пры падтрымцы тысячаў людзей на плошчы перад парлямантам была спынена дзейнасьць КПСС у нашай краіне і канстытуцыйна аб`яўлена незалежнасьць Беларусі. Ад часоў падзелу Рэчы Паспалітай і ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага – нашай магутнай дзяржавы – гэты дзень, 25 Жніўня, ёсьць рэальна найвялікшай датай нашай двухсотгадовай гісторыі змаганьня за волю і незалежнасьць. Ад гэтага часу незалежная Беларусь рэальна ёсьць, існуе як незалежная дзяржава, знаная ў сьвеце. Ужо дзеля дасягненьня аднаго гэтага варта было жыць. Засталося зрабіць завяршальны крок вялікай беларускай барацьбы – усталяваць у Беларусі беларускую ўладу.
 
У гэтым сутнасьць змаганьня з антыбеларускім рэжымам. Вораг залез у наш дом. Барацьба ўнутры. Будучыня, жыцьцё і сьмерць нацыі, існаваньне дзяржавы і незалежнасьці залежыць ад зыходу гэтай барацьбы, ад таго, хто вынесе трупы.
 
Перад кожным пакаленьнем беларусаў, народжаным у ілжы, стаіць вызваньне – зразумець, што ў змаганьні з імпэрскай Расеяй не было, няма і ня будзе ні кампрамісу, ні паловы, ні міру: альбо яна нас знішчыць, альбо выйдзем на вольны шлях і зробімся незьнішчальнымі.
 
Гэты шлях пачаўся адразу ў 1794, пасьля рэалізацыі змовы Эўропы (немцаў) з Расеяй – гэта значыць пасьля ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага і забору Беларусі. Гэты шлях праклаў Андрэй Тадэвуш Касьцюшка; па ім ішлі 197 гадоў. Ён вымашчаны мільёнамі ахвяр, палеглых за свабоду і волю, але бязь іх не было б 25 Сакавіка 1918-га, а без Сакавіка не настала б 25 Жніўня 1991-га.
 
Характэрнасьць беларускага гістарычнага змаганьня супраць злачыннай і магутнай імпэрыі за волю і аднаўленьне дзяржавы палягае ў тым, што гэта заўсёды была барацьба авангарду. Таму паражэньні яго мелі страшныя вынікі для нацыі, а перамогі (Сакавік-1918, Жнівень-1991) успрымаліся як цуд, у які многія не маглі паверыць.
 
Думаючы пра гэты час, які побач, часта хочацца выказаць проста пачуцьці, калі б я не разумеў марнасьць іх для новых людзей, што жывуць у другім вымярэньні. Відаць, найбольш дакладна і найпрасьцей сказаў пра нашыя адчуваньні Пётра Садоўскі, падпісаўшы мне кніжку пра свой “шыбалет”: “Зянону на сьветлы ўспамін ад аўтара пра Час, калі мы былі гістарычна шчасьлівыя”.
 
Тады, у пачатку 90-х, будучы ў Вярхоўным Савеце, калі гісторыя тварылася ледзь ні кожны дзень, ніхто з нас, фронтаўцаў (абсалютна ніхто), ня думаў пра сучаснасьць як пра гісторыю. Усе гарэлі ідэйнай мэтай і змаганьнем за гэтую мэту. Яна паглынала нас да рэшты. Часта трэба было дасягнуць немагчымага выніку неверагоднымі сродкамі. І мы, будучы ў абсалютнай мяншыні ў парляманце, дасягалі яго нават “нагамі” і рукамі сваіх апанентаў, не клапоцячыся пра ацэнкі і меркаваньні. Нам ня трэба было ні вядомасьці, ні папулярнасьці (тады палітыка не была яшчэ пошлым тэатрам), нам патрэбна была перамога, канец камунізму, незалежнасьць і самастойная Беларусь. Гэта мы здабылі, і гэта зрабіла нас “гістарычна шчасьлівымі”.
 
Вопыт 90-х усім нам паказаў, наколькі значным робіцца час у пераломны момант гісторыі, як важна яго прадбачыць, адчуць наперад, імгненна скарыстаць. Беларуская камуністычная намэнклятура падтрымлівала ГКЧП, была заангажаваная ў путч. Калі б ён прадоўжыўся яшчэ дзень-два, усе гэтыя малафеевы і К актыўна вымкнуліся б на паверхню (гэбоўская Масква чакала іхняга дэмаршу). Але яны сьведама прамарудзілі, путч скончыўся, і намэнклятура ў Беларусі ўтрымала ўладу. (Тлумачу. Калі б яны агрэсіўна выявіліся, то пасьля путчу мы б іх вычысьцілі з улады ўсіх без астатку, скарыстаўшы тую ж ельцынскую Маскву.) Тым часам у дні путчу многія нашы намэнклятурныя дэпутаты-камуністы зрабіліся агрэсіўнымі, не хавалі сваёй радасьці і адкрыта казалі, што нас расстраляюць і ўсім нам “кірдык”.
 
Таму пасьля правалу путчу (22.08.1991) вельмі важна было імгненна сабраць сэсію Вярхоўнага Савета, пакуль у камуністычнай большасьці не мінуў шок, разгубленасьць і жах. Тут прышлося вытрымаць баталію і напіраць усімі сіламі, бо многія члены Прэзыдыюма ВС не разумелі, навошта сьпяшацца склікаць Сэсію. Але сэсію ўсё ж прызначылі на 24 жніўня.
 
22-га жніўня (адразу пасьля паражэньня путчыстаў у Маскве) мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, сабраліся ў Вярхоўным Савеце і працавалі без перадышкі над плянамі, тактыкай дзеяньняў і над заканадаўчымі дакумантамі. Падрыхтавалі 14 заканадаўчых праектаў (гэта, фантастычна, за суткі!).
 
Мы ўвайшлі ў залю пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Першым чынам трэба было зьняць з пасады старшыню ВС М. Дземянцея. Я нават не чакаў такога напору ад дэпутатаў-фронтаўцаў. Часам у залі стаяў такі рык, што здавалася Дземянцей нават жывым не застанецца. Ён чапляўся за пасаду, як тапелец за травічку, закасваў нават калашыну і паказваў голую лытку, каб усе бачылі, што ён быў ранены ў партызанах. Дземянцея зьнялі.
 
Быў яшчэ эпізод, калі аднекуль збоку на трыбуну раптам пасунуўся 1-ы сакратар ЦК КПБ Малафееў (ён ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.) Тут нашы дэпутаты паўскоквалі зь месцаў і пабеглі на яго. І наперадзе ўсіх Галіна Сямдзянава. Добра, што Малафееў, агаломшаны, не рабіў рэзкіх рухаў, а то (не сумняваюся) напэўна б, разарвалі на часткі. Малафеева прагналі.
 
Назаўтра была спынена дзейнасьць КПСС і ЛКСМ у Беларусі. Пачаліся дэбаты аб аб’яўленьні незалежнасьці краіны. На плошчы перад парлямантам пэрманэнтна стаяла тысяч 30 людзей і крычалі: “Незалежнасьць! Незалежнасьць!”. (Нагадаю, што Дэклярацыя аб суверэнітэце Беларусі, прынятая 27 ліпеня 1990 года, сама па сабе яшчэ не забясьпечвала незалежнасьці, бо не была канстытуцыйным законам. Усяроўна кіравала Масква. Для дасягненьня незалежнасьці Беларусі патрэбна было надаць Дэклярацыі вагу і значэньне канстытуцыйнага закону.)
 
На другі дзень сэсіі, і асабліва ў канцы дня, я адчуў, што можам не набраць канстытуцыйную большасьць галасоў. У некаторых камуністаў пачаў малець страх, фармаваліся нейкія стыхійныя пазыцыі, намэнклятура паціху падымала галаву. Усе аргумэнты былі выказаныя, але іх для гэтай масы, што жыла падсьведамасьцю, магло быць замала.
 
Рашэньне прышло да мяне ў апошнюю секунду. Шушкевіч (якому Вярхоўны Савет даручыў весьці Сэсію) ужо стаў рыхтавацца аб’яўляць галасаваньне і (о, жах!) пачаў падыгрываць разгубленым настроям намэнклятуры. Ён публічна выказаў сумненьне, што пры галасаваньні ўдасца сабраць канстытуцыйную большасьць галасоў, разважаў, што пытаньне будзе цяжка вырашыць. Словам, сеяў недавер у намэнклятурных галовах. (Гэта, дарэчы, быў заўсёдны ягоны згодніцкі стыль паводзінаў у тыя часы). Тут ўзьнікала рэальная небясьпека (асабліва пры “канстытуцыйным” галасаваньні), бо некаторыя дэпутаты (і такіх было нямала) галасавалі так, як меркаваў і ставіў пытаньне вядучы Сэсіі.
 
Нават зьдзівіцца такім паводзінам Шушкевіча нам ужо не было часу. Я папрасіў апошняе слова і выступіў з засьцярогамі да ельцынскай палітыкі ў Расеі, кажучы, што адтуль нам усім пагроза, што на Ўсходзе фармуецца агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі, што трэба стаць незалежнымі ад гэтай небясьпечнай для нас дэмакратыі і імпэрскай палітыкі. (Цалкам выступ прыведзены ў кнізе С. Навумчыка “Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі”, — Варшава — Прага, 2006 г., с. 62-63.)
 
Я ведаў, што намэнклятура баялася, каб іх не дастала ў той сытуацыі рука Ельцына і сваім выступам нагадаў ім пра гэта.
 
Пасьля выступу ўзьнікла яшчэ дыскусія, якая паказала, што словы мае дайшлі ўсё ж у іхнюю намэнклятурную пяту, дзе сядзела камуна-савецкая іхняя душа. Галасаваньне адбылося трыумфальна: за незалежнасьць прагаласавала 253 дэпутаты з 265 зарэгістраваных у залі. Многія так званыя “дэмакратычныя” дэпутаты, не зразумеўшы майго выступу, яшчэ доўга потым касавурыліся на мяне за крыўду іхняму куміру Ельцыну і “рускай дэмакратыі”. Мяне гэта не хвалявала, “дэмакратам” розум ня ўставіш, тым больш, што пазьней і Ельцын, і Пуцін паказалі ўсім сваю імпэрскую “кузькіну маць”.
 
Распад імпэрыяў ў Эўропе адбываўся як працэс утварэньня незалежных нацыянальных дзяржаваў. Рухавіком працэсу была паўсюдна нацыянальная ідэя, якая разьвівалася па даволі строгай сістэме і ў рэчышчы агульнай заканамернасьці.
 
Гістарычныя падзеі апошняга часу ў Беларусі засьведчылі першаснасьць нацыянальнай ідэі, перавагу фэномену незалежнай дзяржавы над сістэмай улады. Нават калі ўлада антынацыянальная, яна ня можа фармальна ліквідаваць дзяржаву, бо ўлада без дзяржавы перастае існаваць.
 
Дзейнасьць антынацыянальнай улады ў Беларусі накіраваная на вынішчэньне нацыі і культуры па старых каляніяльна-рэпрэсіўных і русіфікацыйных схемах. З гэтага гледзішча антыбеларускі рэжым Лукашэнкі ёсьць крайне разбуральны для беларускай нацыі і ў канцовым сэнсе зьяўляецца пастаяннай пагрозай незалежнасьці нашай краіны.
 
З усталяваньнем беларускай нацыянальна-дэмакратычнай улады кожны гістарычны крок нашай незалежнасьці будзе адзначаны, а Дзень Волі 25 Сакавіка, Дзень Дэклярацыі 27 Ліпеня, Дзень Незалежнасьці 25 Жніўня стануць дзяржаўнымі сьвятамі. Кожны дэпутат Апазыцыі Народнага Фронта ў Вярхоўным Савеце БССР будзе ўшанаваны памяцьцю, годнай таго часу, калі ўсе мы былі гістарычна шчасьлівымі.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *