Мілінкевіч пра рытуальныя танцы апазіцыі пад замежную музыку

Лідэр руху «За Свабоду» даў інтэрв’ю www.udf.by і распавёў, як праходзіць курс рэабілітацыі пасля складанай аперацыі на суставе, калі плануе далучыцца да актыўнага грамадскага жыцця і што думае наконт некаторых выказванняў партнёраў па АДС.
 
— Спадар Аляксандр, як праходзіць рэабілітацыя пасля аперацыі, што кажуць медыкі, колькі зойме часу гэты працэс?
 
— Я апярэджваю графік рэабілітацыі. Працэс прадугледжвае пяць–шэсць месяцаў, разлічваю, што прайду яго значна хутчэй.
 
— Чым займаецеся ў гэты час, калі плануеце аднавіць актыўную дзейнасць?
 
— Многа чытаю, карыстаюся хуткім інтэрнэтам, прымаю гасцей, рыхтую экспазіцыю для Берштаўскага этнаграфічнага музею. Як цудоўна мець столькі часу для сваёй сям’і!
 
З верасня вярнуся на працу ў Мінск і буду актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы Беларускага Еўрапейскага Форуму, які пройдзе напрыканцы лістапада.
 
— Як ідзе падрыхтоўка да Еўрапейскага форуму, што ўжо зроблена для яго правядзення?
 
— Мы правялі каардынацыйныя рэгіянальныя сходы, вызначыліся з прадстаўніцтвам на Форуме. Зараз пачынаюцца раённыя сходы. Першыя будуць у Мінскай вобласці — у Смалявічах 6 жніўня і ў Клецку 9 жніўня.
 
Асноўная частка сходаў, а іх будзе 85, а можа і больш, пройдзе ў верасні-пачатку кастрычніка. На сходы мы запрашаем усіх зацікаўленых людзей. Там таксама будуць прысутнічаць вядомыя грамадскія дзеячы з Мінска і вядомыя эксперты.
 
— Пасля прарасійскіх выказванняў Сяргея Калякіна лідэры руху «За Свабоду» заявілі, што не бачаць мэтазгоднасці ў выбары адзінага кандыдата ў межах АДС, але вы на гэты конт пакуль не выказаліся. Якім чынам магчымае абранне адзінага кандыдата і ці магчымае наогул ў сённяшніх умовах?
 
— Яшчэ на апошнім Кангрэсе дэмсілаў у 2007 годзе я казаў, што эфектыўная кааліцыя магчымая толькі на падставе ясных каштоўнасцяў, а не на АДСаўскім прынцыпе «супраць каго сябруем». Улада не мае ідэалогіі, гэта яе вялікая слабасць. З ёй трэба змагацца з «ідэяй» і «за ідэю».
 
Мая прапанова была простая: АДС варта захаваць як круглы стол двух блокаў: правацэнтрысцкага праеўрапейскага і левага, прамаскоўскага. Іх яднае імкненне да дэмакратыі і свабоды. Многія рэчы мы маглі б рэальна рабіць разам, але шчыра і зразумела з нашага боку прапанаваць грамадству дзве альтэрнатыўныя мадэлі развіцця краіны. Трэба адказваць людзям адкрыта: ці мы выбіраем шлях у Еўропу, ці будуем Саюзную дзяржаву хутчэй і лепш за сённяшняга беларускага кіраўніка. Гэта несумяшчальныя рэчы.
 
АДС ізноў спрабуе аб’яднаць ўсіх, хто проста «СУПРАЦЬ Лукашэнкі». Аднак сітуацыя ў Беларусі сёння не рэвалюцыйная. Людзі ў большасці схільныя да зменаў, але эвалюцыйных, хочуць ведаць, ЗА ШТО выступаем мы, чакаюць ад нас альтэрнатыўнай пазітыўнай стратэгіі развіцця краіны, а не заклікаў на барыкады. Яны жадаюць пачуць адназначныя адказы: якой будзе наша эканамічная, сацыяльная, культурная, кадравая палітыка, які будзе геапалітычны выбар Беларусі.
 
АДС – сукупнасць ідэалагічна і функцыянальна разнастайных, часам нават антаганістычных арганізацыяў з рознымі мэтамі. У межах гэтай кааліцыі гадамі спрабуюць знайсці агульную мову празаходнікі і прамаскоўцы. Не дзіўна, што вынікам іхняй дзейнасці часцей за ўсё з’яўляюцца чарговыя працэдуры ўзаемадзеяння і бясконцыя заявы. АДС у прынцыпе не можа выпрацаваць паслядоўную і несупярэчную выбарчую праграму.
 
Зададзім сабе простае пытанне: ці мы можам публічна даць слова падтрымаць рухам на выбарах любога АДСаўскага «адзінага», калі ім можа стаць асоба, якая закліча прызнаць Паўднёвую Асецію і Абхазію, далучыць частку Украіны да Расіі, паабяцае ўвесці ў нас расейскі рубель і будаваць саюзную дзяржаву?
 
Сёння мы не верым, што вызначэнне «адзінага» па схеме АДС аб’яднае дэмакратычныя сілы і ўзрушыць грамадства.
 
Стварэнне рэальнай кааліцыі з абраннем адзінага кандыдата – важная ўмова для паспяховай прэзідэнцкай кампаніі. Але гэта не мэта, а сродак. Можна займацца ізноў «рытуальнымі танцамі» пад замежную музыку, але ці гэта ўсё, на што мы здольныя?

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *