Секс-забастоўкі і беларускія палітыкі

фото
Не так даўно амаль увесь свет абляцела навіна: старшыня Кенійскай жаночай арганізацыі развіцця прапанавала жанчынам сваёй краіны ўстрымацца ад сексуальных адносін з мужчынамі на працягу тыдня. Такім чынам жанчыны вырашылі падштурхнуць моцную палову чалавецтва да хутчэйшага вырашэння палітычных рознагалоссяў.
 
“Мы вырашылі, што самая дзейсная зброя — гэта секс, — патлумачылі сваю пазіцыю кенійскія кабеты. — Секс не ведае расавай прыналежнасці, не адносіцца да нейкай палітычнай партыі і мае месца нават у самых бедных сем’ях”.
Паведамлялася, што акцыю пратэсту падтрымала нават жонка кенійскага прэм’ер-міністра.
Выданне “Тут і цяпер” паспрабавала высветліць, як да секс-забастовак ставяцца некаторыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы.

Некаторыя адказы шчыра здзівілі.

Лявон БАРШЧЭЎСКІ, старшыня партыі БНФ, перакладчык:
— Думаю, гэта найбольш дзейсны метад для паўднёвых краін. У нас трошкі не той тэмперамент. Нашы суайчыннікі менш цікавяцца сексам і могуць перажыць без яго нават і не тыдзень. У Беларусі гэтым нікога не напужаеш! Так што вопыт кенійскіх жанчын трэба яшчэ адаптаваць да беларускай прасторы.

Адам ГЛОБУС, пісьменнік і выдавец:
— Сярод каханкаў гэта даволі эфектна. А вось у сям’і такі метад менш дзейсны, бо мужчына проста пойдзе на бок. Зразумела, што знойдуцца штрэйкбрэхеры (у дадзеным выпадку штрэйкбрэхершы), якія не падтрымаюць, а здрадзяць жаночай салідарнасці. Наогул, я лічу, што гульні супраць біялогіі даволі небяспечныя. Гэта ж свайго роду біялагічная зброя, якую ўжо даўно забаранялі, а цяпер яна зноў у нейкай такой пачварнай форме выкарыстоўваецца. Я лічу, што гэта даволі кепска. Мужчына падчас любой секс-забастоўкі знойдзе сабе іншую жанчыну. У рэшце рэшт, пэўныя мужчыны могуць любіць і іншых мужчын. Альбо самі сябе задавальняць. Таму для медыйнай прасторы секс-забастоўка, безумоўна, даволі эфектны ход, а ў рэальнасці, я думаю, гэта проста дэкларацыя.

Анатоль ЛЯЎКОВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

— Гэта ж толькі дадумацца так мірыць мужчын-палітыкаў! Вельмі суровая мера ўздзеяння, на мой погляд.

На Беларусі, я думаю, такое пакуль што немагчыма. Не ведаю, які соцыум у Кеніі, але ж у нас я не бачу такой вялікай жаночай салідарнасці. Асабліва ў плане супрацьстаяння мужчынскаму пачатку. І гэта добра. У Беларусі не настолькі ўжо кепская сітуацыя, каб жанчыны ішлі на такія радыкальныя меры. Мне падаецца, што беларускія жанчыны больш-менш задаволены сваім цяперашнім жыццём, яны не вельмі апантаныя нейкай ідэяй. Напрыклад, у палітыцы зараз вельмі цяжка арганізаваць жанчын па нейкіх сацыяльных пытаннях. Ведаю, што дэмакратычныя прафсаюзы, наша партыя працавалі і працуюць над тым, каб стварыць жаночую сетку. І не надта далёка, шчыра кажучы, мы прасунуліся ў гэтым пытанні.

Я сам ніколі не аб’явіў бы сексуальную забастоўку, таму што палітыка — гэта толькі адзін з модусаў быцця чалавека ў свеце. Ёсць рэчы нашмат важнейшыя за палітыку. Каханне для мяне больш важнае чым палітыка, каханне — гэта кіданне ў бездань, якая ўзносіць цябе да нябёс. А працяг роду чалавечага і наогул святая справа…

Сяргей КАЛЯКІН, лідэр партыі камуністаў Беларускай:

— Як я стаўлюся да секс-забастовак? Думаю, што калі б усе беларускія жанчыны аб’ядналіся ў гэтым сэнсе, то гэта мела б каласальнае ўздзеянне на мужчын і, зарумела, на палітыкаў. І акцыя нават прывяла б да жаданага выніку. Але гэта павінна быць ні ў якім разе не тыднёвая акцыя. Тыдзень без сексу беларускія мужчыны здольныя вытрываць…

ЭКСПЕРТЫЗА

Андрэй Залатухін, урач-сексолаг Мінскага гарадскога сексалагічнага цэнтра:
— Памятаеце камедыю Арыстафана “Лісістрата”? Там падрабязна напісана: калі жанчынам надакучыла, што мужчыны ўвесь час ваююць, яны проста аб’явілі сексуальную забастоўку.
Наколькі гэты метад эфектыўны сёння? Нават і не ведаю. Не выключана, што пры пэўных абставінах ён можа даць нейкі плён. Аднак дактары-сексолагі звычайна шукаюць такое выйсце, якое б задавальняла б абодвух партнёраў.

У якіх выпадках увогуле можна было б адмовіцца ад сексу? Напэўна, дзеля міру на планеце можна было б арганізаваць Сусветны дзень без сексу. Пакуль такога яшчэ няма.

Але калі на поўным сур’ёзе, то мне падаецца, што няма ніякай прамой сувязі паміж палітыкай і сексам. Дый варта памятаць, што ўстрыманне ад сексу не ўсім на карысць. Напрыклад, мужчынам пенсіённага ўзросту я б не рэкамендаваў прымаць удзел у такіх пратэстных мерапрыемствах. Што тычыцца жанчын, то я не ведаю даных, якія б сведчылі пра шкоду, якую нясе адмова ад сексу жаночаму арганізму. Іншая справа, як яны суб’ектыўна гэта пераносяць. Не выключана, што ім ад гэтага проста некамфортна…

Ніна Стужынская, старшыня Беларускай жаночай лігі, гісторык:

— Ведаю, што ў прыватным жыцці некаторыя жанчыны спрабуюць выхоўваць мужчын, якія, так бы мовіць, адбіліся ад хатняй працы: маўляў, калі не дапаможаш перакапаць агарод, пазбаўлю сексу. Такія моманты здараюцца. А што тычыцца палітыкаў, то… На мой погляд, яны мала цікавяцца сексам. І жанчынамі таксама. Іх больш цікавяць грошы, міжсабойчыкі…

ЧУЖЫ ВОПЫТ

У Судане секс-забастоўка дапамагла пакласці канец 19-гадовай грамадзянскай вайне.
У 2006 годзе калумбійскія жанчыны ў горадзе Пярэйра заявілі, што не будуць займацца каханнем, пакуль мужчыны будуць забіваць адзін аднаго. “Мы хочам патлумачыць ім, што насілле — гэта не сексуальна”.

У Італіі Вярхоўны суд задаволіў іск сіцылійкі, якая патрабавала ад мужа кампенсацыі за невыкананне шлюбных абавязкаў.
 
Іван УЦЮРЫН, Svabodaby.net

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *