Выканаўчым дырэктарам «Белсату» стаў Павел Мажэйка

Вядомы беларускі журналіст Павел Мажэйка заняў пасаду выканаўчага дырэктара на незалежным спадарожнікавым канале «Белсат».
 
Дасюль ён вёў перадачу «Госць «Белсату». Як распавялі «Мы» ў прэс-службе «Белсату», Мажэйка пакуль застанецца яе вядучым — то бок, будзе сумяшчаць два амплуа.
 
Мажэйка нарадзіўся ў 1978 годзе ў Гродне. Працаваў у мясцовай газеце «Пагоня». У 2002 годзе разам з рэдактарам гэтага выдання Міколам Маркевічам быў асуджаны па крымінальнай справе за абразу Лукашэнкі (прыгавор — два гады «хіміі»). Падчас выбараў-2006 Мажэйка быў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча.
 
«Белсат» — гэта беларускі канал, таму цалкам зразумела, што кіраўніцтва канала ўсё больш давярае менавіта беларусам», — сказаў у інтэрв`ю «Мы» Павел Мажэйка.
 
«Задача стаіць такая: «Белсат» павінен стаць максімальна аператыўным, максімальна цікавым, максімальна аглядальным каналам у Беларусі. Сённяшнія рэсурсы, перш за ўсё людзі, якія працуюць на канале, дазваляюць зрабіць гэта», — лічыць новы выканаўчы дырэктар «Белсату».
 
Як бачым, канал пакрысе беларусізуецца што тычыцца кіраўніцтва. А гэта значыць, што беларускія супрацоўнікі «Белсату» з дапамогай польскіх адмыслоўцаў дасягнулі пэўнага ўзроўню прафесіяналізму, а таму могуць ужо з большай самастойнасцю і плёнам выдаваць якасны тэлепрадукт.
 
Цяпер «Белсат» глядзяць, як паведамляла пры канцы мінулага года, спасылаючыся на вынікі сацыялагічных даследаванняў, дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская, блізу 200 тысяч чалавек.
 
Выявілася таксама, што найбольш папулярнымі на «Белсаце» праграмамі з`яўляюцца інфармацыйныя, пасля іх – фільмы, музычныя перадачы і дакументальныя фільмы. Амаль 70% рэспандэнтаў лічыць перадачы цікавымі, менш як 12% маюць супрацьлеглае меркаванне. 

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *