У Беларусі стартавала кампанія «Чысты Байнет»

Прэзентацыя кампаніі адбылася падчас «круглага стала» на тэму «Самарэгуляванне ў Байнеце», які прайшоў 27 студзеня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB).
— «Чысты Байнет” – гэта доўгатэрміновая кампанія, мэта якой — заахвоціць стваральнікаў «інфармацыйнага» Байнету прытрымлівацца этычных нормаў, прынятых у прафесійным журналісцкім асяроддзі, і адказна ставіцца да працы з чужой інфармацыяй, — гавораць ініцыятары кампаніі.

Галоўная ідэя кампаніі, якую ініцыявалі прадстаўнікі Грамадскага аб’яднання Беларуская асацыяцыя журналiстаў і кампаніі «Будзьма!» 
 
 
— самарэгуляванне «інфармацыйнага» Байнету». Беларускім інтэрнет-журналістам і блогерам прапануецца у часе шырокай грамадскай дыскусіі распрацаваць агульнае пагадненне наконт прынцыпаў этычнай працы і павагі інтэлектуальнай уласнасці ў Інтэрнеце. Далучыцца да яе запрашаюць як прафесійных журналістаў, якія працуюць у сеціве, так і блогераў.
 
— Найперш гаворка ідзе пра такія важныя для стваральнікаў кантэнту пытанні, як перадрук матэрыялаў і перапрацоўка чужых тэкстаў. Дзе ставіць гіперспасылку – на пачатку ці ў канцы матэрыялу? Ці дазваляе крыніца ўвогуле перадрукоўваць сваю інфармацыю? Ці можна мяняць загаловак? Такіх пытанняў безліч, — канстатуе адзін з ініцыятараў кампаніі, сябра БАЖ Вольга Бабак.
 

У той жа час існуе меркаванне, што рэгуляваць Інтэрнет немагчыма.
 

— Гэта не так, — заўважыў падчас “круглага стала” юрыст Сяргей Зікрацкі. – Сярод нарматыўна-прававых актаў ёсць тыя, якія можна выкарыстоўваць і ў звязку з Інтэрнетам. Але вось абарона аўтарскіх правоў у Інтэрнеце – праблема насамрэч сур’ёзная, бо Закон аб аўтарскім праве і іншых сумежных правах, прыняты ў 1996 годзе, не ўлічвае спецыфіку Інтэрнету.
 
Эксперт прагназуе, што ў бліжэйшыя 1-2 гады чакаецца “сур’ёзны ўсплёск выпадкаў абароны аўтарскіх правоў менавіта ў Інтэрнеце”.
 
У звязку з гэтым медыяэксперт, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі заўважае:
 

— Парадыгма Інтэрнету – самарэгуляванне. Лепей нам дамовіцца “па панятках”, чымсьці хтосьці прыйдзе і будзе рэгуляваць нас бізуном.
 
Эпоха грубага плагіяту адыйшла ў нябыт. Цяпер вынайдзена 400 спосабаў “параўнальна сумленнага адымання інфармацыі”, характарызуе сітуацыю эксперт. Каб супрацьстаяць гэтаму, на думку Аляксандра Класкоўскага не трэба ствараць грувасткі кодэкс – дастаткова прыняць некалькі правілаў.
 

— Калі гаворка ідзе пра “чысты байнет”, дык варта, да прыкладу, абавязкова ставіць уверсе гіперспасылку на канкрэтную публікацыю з першакрыніцы, указваць не толькі рэсурс, але і прозвішча аўтара, выдзяляць у тэксце цытаты і акуратна абыходзіцца з загалоўкамі, каб не сказіць сэнс перадрукаванага матэрыялу, — пералічвае эксперт.
 
У якім рэчышчы павінна ісці самарэгуляцыя Інтэрнету – менавіта гэта і закліканая высветліць кампанія “Чысты Байнет”. Пляцоўкай для дыскусіі мае стаць адмысловы сайт кампаніі. Яго таксама прэзентавалі на сустрэчы 27 студзеня.
 
Як далучыцца да кампаніі “Чысты Байнет”?
 
1.Падумаць, якія пункты вам хацелася б бачыць у Пагадненні, і пакінуць свае прапановы на сайце кампаніі «Чысты Байнет».

2.Размясціць на сваім сайце (альбо ў ЖЖ) банер з лагатыпам кампаніі і тым самым задэклараваць свой удзел у кампаніі і жаданне павысіць якасць інфармацыйнага прадукту ў Байнеце. (Банеры розных памераў можна знайсці на сайце www.c-bynet.org у адпаведным раздзеле).
 
Кантакты:

info@c-bynet.com

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *