У САЎГАСЕ «ГАРАДЗЕЦ» — БУНТ?


Напярэдадні сяўбы мэханізатары саўгасу «Гарадзец», што на Шклоўшчыне, пратэставалі супраць малых заробкаў. Некаторыя напісалі заявы аб звальненьні. У падшэфную гаспадарку, якой некалі кіраваў Аляксандар Лукашэнка, тэрмінова былі камандзіраваныя старшыня «Беларусбанку» Надзея Ермакова і памочнік прэзыдэнта Ўладзімер Лаўранкоў. Што з гэтага атрымалася, высьвятляла карэспандэнтка «Радыё Свабода».

Кіраўніцтва «Гарадца» застаць на месцы не ўдалося: дырэктар у Менску, намесьнік у Магілеве, загадчык аддзелу кадраў — у Шклове. Спэцыяліст па ідэалягічнай працы Валянціна Капцова не адмаўляла, што праблема была:

«Гэта ня тое, што бунт, гэта «завышана» сказана. Ну проста былі рознагалосьсі па заробках. Прыйшло некалькі мэханізатараў, паразмаўлялі з дырэктарам, удакладнілі пытаньні — і ўсё».

Гутарка з эканамістам, які працуе ў «Гарадцы» нядаўна — былую галоўную эканамістку асудзілі.

Карэспандэнтка: «Быццам бы звальняюцца мэханізатары з-за заробкаў нізкіх».

Эканаміст: «Не, гэта не так. Яны прыйшлі да дырэктара даведацца пра ўсе расцэнкі. Зараз павышаецца заработная плата, расцэнкі мы пакуль не пасьпелі ім давесьці, яны прыйшлі, пагаварылі, ніхто не звальняўся, і разышліся».

Карэспандэнтка: «Калі не сакрэт, якія сярэднія заробкі ў мэханізатараў?»

Эканаміст: «Ой, я вам дакладна не скажу, бо сам нядаўна працую. Ну, 200 тысяч атрымоўваюць».

А вось шараговы рабочы саўгасу «Гарадзец» спадар Уладзімер пра заробкі і звальненьні сказаў іншае:

Уладзімер: «Наконт бунту — спрабавалі… Я ведаю, што шмат сем`яў зьехала, пераехала ў суседнюю гаспадарку.

Карэспандэнтка: «А прычына?»

Алейнікаў: «Нізкія заробкі. Я ведаю, адна сям`я пераехала — там па 700 тысяч плацяць. А тут — 80 тысяч сярэднія заробкі».

Па паказчыках саўгас, якім у свой час кіраваў Лукашэнка, лічыцца ледзь не перадавым. Сапраўды, цэнтральную сядзібу адбудавалі. А вось, да прыкладу, вёска Княжыцы — забытая богам і людзьмі, кажа лідэр мясцовых сацыял-дэмакратаў Пётар Мігуцкі.

Мігуцкі: «Мы зайшлі на фэрму адну — ня дай Бог!.. Я ніколі ня думаў, што ў «Гарадцы» можа быць такі стан вытворчых памяшканьняў. Гэта нешта страшнае. Рэканструкцыя — так, прыгожа. А памяшканьні, у якіх утрымліваецца скот, — ну адступіліся Бог і людзі…»

Рабочы саўгасу спадар Уладзімер настроены таксама пэсымістычна.

Уладзімер: «Зімой няма працы, а ў пасяўную — ня ведаю, што будуць рабіць, як яны будуць сеяцца. Людзей ня будзе хапаць. У нас тут засталіся адны старыя».

Карэспандэнтка: «Моладзь не затрымліваецца?»

Уладзімер: «А дзе яны будуць працаваць? За такія заробкі яны будуць трымацца? Суседні калгас ўзяў пад сваё крыло «Амкадор», там добра плацяць. А саўгас «Гарадзец» — вось як Лукашэнка сышоў, пасьля Лукашэнкі зьмянілася 11 дырэктароў. 11 дырэктароў ніяк ня могуць навесьці тут парадак”.

Карэспандэнтка: «Кажуць, што прыяжджалі старшыня «Беларусбанку» Ермакова, памочнік Лукашэнкі, спрабавалі парадак навесьці.

Уладзімер: «Яны хочуць узяць пад сваё крыло гэты саўгас. Такім чынам падняць разьлічваюць. Грошы ўваляць, і ўсё марна будзе. Саўгас, прокляты богам».

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *