Дакументаў хапае. Засталося прымянiць iх на практыцы

Цi стануць цэнтры падтрымкi прадпрымальнiцтва сувязным звяном памiж органамi ўлады i самiм прадпрымальнiкам?
 
Ва ўмовах фiнансавай нестабiльнасцi i падзення аб’ёмаў вытворчасцi буйных прадпрыемстваў наша дзяржава робiць стаўку на развiццё малога i сярэдняга бiзнэсу (мабiльнасць i аператыўнасць рэагавання на змены попыту робяць прыватныя прадпрыемствы больш жыццястойкiмi). Для палягчэння ўмоў гаспадарання кiраўнiцтва краiны прыняло шэраг заканадаўчых дакументаў, аднак цi ўсе яны дасягнулi сваёй мэты? Цi засталiся яшчэ праблемныя пытаннi, якiя тармозяць развiццё прыватнага бiзнэсу, асаблiва на перыферыi? Пра гэта i не толькi наша размова з дырэктарам ТАА «Барысаўскi цэнтр падтрымкi прадпрымальнiцтва» Уладзiмiрам ІСАЕВЫМ.
 
— Уладзiмiр Iванавiч, раскажыце, калi ласка, чым займаецца ваш цэнтр?
 
— У сваёй дзейнасцi мы кiруемся пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 9 чэрвеня 2008 года № 825 «Аб цэнтрах падтрымкi прадпрымальнiцтва ў Рэспублiцы Беларусь» i Палажэннем аб цэнтры падтрымкi прадпрымальнiцтва ў Рэспублiцы Беларусь. Там распiсаны ўсе нашы функцыянальныя абавязкi. Як цэнтр падтрымкi прадпрымальнiцтва, мы аказваем кансультацыi па пытаннях арганiзацыi i вядзення прадпрымальнiцкай дзейнасцi, падаткаабкладання i бухгалтарскага ўлiку, складаем бiзнэс-планы для атрымання прадпрымальнiкамi крэдытаў пад стварэнне свайго бiзнэсу, аказваем паслугi па вядзеннi персанiфiкаванага ўлiку, праводзiм маркетынгавыя даследаваннi, займаемся падрыхтоўкай i перападрыхтоўкай кадраў. Сёння без пэўных ведаў прыбыткова працаваць у сферы бiзнэсу даволi складана, а многiя прадпрымальнiкi не маюць профiльнай адукацыi i прыходзяць да нас з такiмi пытаннямi, якiя чалавеку, хоць бы крыху знаёмаму з эканомiкай, падалiся б смешнымi… Мы яшчэ з’яўляемся базавым цэнтрам падтрымкi прадпрымальнiцтва ў вобласцi. I ў гэтым сэнсе наша асноўная задача — каардынацыя дзейнасцi падобных цэнтраў i бiзнэс-iнкубатара малога прадпрымальнiцтва ў Калодзiшчах.
 
— Некаторыя цэнтры падтрымкi прадпрымальнiцтва, зыходзячы з мясцовых умоў, большы нацiск робяць на нейкi адзiн накiрунак бiзнэсу, як, напрыклад, «Цэнтр развiцця сельскага прадпрымальнiцтва «Камарова» (што ў Мядзельскiм раёне). Цi мае ваш рэгiён (i цэнтр адпаведна) сваю вытворчую спецыфiку?
 
— Мы аказваем паслугi ўсiм прадпрымальнiкам Барысаўскага раёна: i фермерам, i прамысловым вытворцам, i перавозчыкам, i гандлярам. Канкрэтнай спецыфiкi я не назваў бы. Як i ва ўсiм цывiлiзаваным свеце, прадпрымальнiцтва ў нас развiваецца ў тых кiрунках, якiя найбольш выгадныя для прадпрымальнiка. Адзiн час асаблiва выгадным быў продаж мабiльных тэлефонаў — усе кiнулiся туды. Была выгадная дрэваапрацоўка — займалiся ёю. Цяпер выгадна вырабляць шклопакеты i дзверы — асвойваюць гэтую вытворчасць. Вось калi б прадпрымальнiкi былi «звязаны» нейкiмi мясцовымi сыравiннымi рэсурсамi (напрыклад, каштоўнымi металамi), можна было б гаварыць пра вытворчую спецыфiку рэгiёна. А так, прыватны бiзнэс развiваецца ў залежнасцi ад патрэб насельнiцтва, ад спажывецкага попыту. Iншая справа, што ў розных рэгiёнах iснуе розная колькасць суб’ектаў гаспадарання, i для таго, каб не ствараць сабе жорсткай канкурэнцыi, прадпрымальнiкi пачынаюць развiваць менш асвоеныя накiрункi. У Барысаўскiм раёне сёння запатрабаванымi з’яўляюцца вытворчасць i ўстаноўка вокнаў i дзвярэй, паслугi па ўцяпленнi дамоў, грузавыя i пасажырскiя аўтаперавозкi. Актыўна развiваецца сфера паслуг (цырульнi, пральнi, абутковыя майстэрнi), аднак асноўная доля па-ранейшаму прыходзiцца на рознiчны гандаль.
 
Перад тым як пачаць сваю справу, кожны загадзя павiнен пралiчыць яе мэтазгоднасць. Чаму сёння бiзнэс з Мiнску адыходзiць на перыферыю (у Мiнскi, Барысаўскi раён)? Бо там нiжэйшая, у параўнаннi са сталiцай, арэндная плата, а для вытворчасцi, якая заўсёды прадугледжвае значныя арэндныя плошчы, гэта сур’ёзная эканомiя. Скарачэнне затрат абумоўлiвае знiжэнне сабекошту i цаны, што павышае канкурэнтаздольнасць прадукцыi.
 
— Апошнiм часам у нашай дзяржаве быў прыняты шэраг заканадаўчых дакументаў, заклiканых спрасцiць умовы вядзення бiзнэсу. Як вы ацэньваеце iх эфектыўнасць?
 
— Дакументы ў нас прымаюцца выдатныя, аднак не ўсе яны рэалiзуюцца на практыцы. Прывяду прыклад. Сёння даволi шмат пустых памяшканняў — безгаспадарчых, нiкому не патрэбных. Ёсць дакументы, якiя прадугледжваюць iх продаж прадпрымальнiкам за адну базавую велiчыню, перадачу на бязвыплатнай аснове. Аднак на практыцы такога няма. Загад прыняты, а мясцовыя ўлады не даюць яму развiцця. Атрымлiваецца, што гэтыя безгаспадарчыя аб’екты, дзе прадпрымальнiкi маглi б развiваць свой бiзнэс, проста развальваюцца, у лепшым выпадку зносяцца, але прадпрымальнiкам не перадаюцца. Гэта, безумоўна, недзяржаўны падыход, аднак пэўная логiка тут ёсць. Прыняць рашэнне аб перадачы нейкага аб’екта суб’екту прадпрымальнiцкай дзейнасцi, — азначае ўзяць на сябе адказнасць. А якi чыноўнiк захоча браць на сябе адказнасць? Развалiўся будынак — i добра. За гэта чыноўнiка з пасады не знiмуць.
 
У заканадаўчых дакументах, якiя павiнны стымуляваць развiццё прадпрымальнiцтва ў сельскай мясцовасцi, прадугледжаны льготы па падаткаабкладаннi, перадача аб’ектаў, якiя не выкарыстоўваюцца, для арганiзацыi прадпрымальнiцкай дзейнасцi… У тым лiку i аказанне фiнансавай падтрымкi (крэдытаў) у межах 20 тысяч долараў (без гарантый) на стварэнне працоўных месцаў у сельскай мясцовасцi. Аднак сёння гэтая норма не працуе. Ёсць адпаведнае рашэнне нацыянальнага банка, аднак няма канкрэтных палажэнняў аб выдачы гэтых грошай (банкi iх не распрацоўваюць, бо iм нявыгадна без усялякiх гарантый выдзяляць такую значную суму, тым больш, што ў сённяшнiх складаных умовах банкi ўвогуле грашыма не раскiдваюцца).
 
Сёння шмат гаворыцца пра тое, што прадпрымальнiк не дапускаецца да крэдытных рэсурсаў дзяржавы. Справа ў тым, што бедны прадпрымальнiк, якому патрэбны крэдытныя грошы, не можа iх узяць, бо ў яго няма нi закладу, нi паручыцельства перад банкам. А багатаму крэдытныя грошы проста не патрэбныя. Вось уся сiстэма i «завiсае». На Захадзе створаны гарантыйныя фонды, якiя выступаюць гарантам перад банкам за атрыманыя малым прадпрыемствам крэдытныя рэсурсы. Гэта страхоўка для банка. I да таго часу, пакуль не будуць створаны такiя гарантыйныя фонды ў Беларусi, увогуле цяжка весцi гаворку пра атрыманне крэдытных рэсурсаў на пачатковым этапе прадпрымальнiцкай дзейнасцi.
 
— Дзе ж сёння можа ўзяць грошы прадпрымальнiк-пачатковец?
 
— Толькi ў фондзе занятасцi насельнiцтва — пад стварэнне новых працоўных месцаў. Днямi да мяне прыходзiла жанчына, якая стварае тры працоўныя месцы ў сельскай мясцовасцi (арганiзуе рознiчны гандаль). Пад гэта фонд занятасцi выдзелiў ёй безадсоткавую пазыку на 18 месяцаў у памеры 40 млн рублёў (стварэнне аднаго працоўнага месца ацэньваецца ў 13 млн). Гэта добрыя грошы, i практычна бясплатныя.
 
— Калi мы робiм стаўку на прадпрымальнiцтва, чаму ў нас так мала суб’ектаў iнфраструктуры падтрымкi прадпрымальнiцтва (на тэрыторыi Мiнскай вобласцi iх — разам з Барысаўскiм цэнтрам — усяго тры)?
 
— За ўсе суб’екты казаць не буду, патлумачу сiтуацыю на прыкладзе нашага цэнтра. Мы не атрымлiваем датацый з бюджэту i выжываем выключна за кошт сваёй дзейнасцi. Як камерцыйная арганiзацыя, мы павiнны самастойна зарабляць грошы, i пры гэтым, як цэнтр падтрымкi прадпрымальнiцтва, выконваць сваю асноўную функцыянальную задачу — дапамагаць прадпрымальнiкам. Для бiзнэсу гэта нонсэнс: укладваць заробленыя грошы ў тое, што не прынясе прыбытку. Да нас у асноўным звяртаюцца людзi, якiя толькi распачынаюць сваю дзейнасць. У iх яшчэ няма грошай. З гэтай прычыны практычна ўсе паслугi нашага цэнтра аказваюцца на льготнай, альбо ўвогуле на бясплатнай аснове. А для самiх цэнтраў падтрымкi прадпрымальнiцтва сёння не прадугледжаны нiякiя льготы. Асноўная доля выручкi, якую атрымлiвае наш цэнтр (каля 45 працэнтаў), трацiцца на арэндную плату (замест таго, каб расходаваць гэтыя грошы на дапамогу прадпрымальнiкам). Мы плацiм па поўнай, у той час як для гандлёвых арганiзацый iснуюць знiжкi (яны плацяць 0,4 стаўкi арэнднай платы). У нас няма такiх прывiлеяў, а рэшткi выручкi мы расходуем на развiццё — у тым лiку i гандлёвых суб’ектаў. Улiчыце яшчэ, што гандлёвыя арганiзацыi арандуюць значныя плошчы, у адрозненне ад цэнтраў падтрымкi. Такiм чынам, пры ўвядзеннi для нас льгот па арэндзе страты дзяржавы былi б мiзэрнымi, а карысць для развiцця прадпрымальнiцтва вiдавочная.
Цэнтры падтрымкi прадпрымальнiцтва маглi б i самастойна знайсцi сродкi — за кошт прыцягнення грантаў, аднак мы не можам гэтага зрабiць, пакуль з’яўляемся камерцыйнай структурай (грантадаўцы з камерцыйнымi структурамi не працуюць). На Захадзе такiя цэнтры, як наш, лiчацца непрыбытковымi i маюць права карыстацца любой фiнансавай падтрымкай, у тым лiку i грантамi. Акрамя таго, ва ўсiм цывiлiзаваным свеце такiя цэнтры на 60-70 адсоткаў датуюцца са сродкаў дзяржавы. У Польшчы падобныя цэнтры яшчэ цалкам вызвалены ад выплаты падаткаў i арэнды. Там разумеюць, што цэнтры падтрымкi прадпрымальнiцтва — гэта той iнстытут гаспадарання, якi iнiцыюе стварэнне новых працоўных месцаў. Калi i ў нас гэта нарэшце зразумеюць i пачнуць аказваць падтрымку, тады, магчыма, цэнтры будуць актыўна развiвацца, а з iмi i прадпрымальнiцтва.
 
— Акрамя фiнансавага аспекту, якiя яшчэ моманты ўскладняюць работу цэнтраў падтрымкi i тармозяць развiццё прадпрымальнiцтва ў рэгiёнах?
 
— Асноўнай мэтай цэнтраў падтрымкi прадпрымальнiцтва з’яўляецца забеспячэнне сувязi памiж органамi дзяржаўнага кiравання i прадпрымальнiцкiм асяроддзем. Цэнтры падтрымкi прызначаны быць «сувязным звяном», а ў нас сёння гэтай сувязi практычна няма — у мясцовых органаў кiравання адсутнiчае зацiкаўленасць у супрацоўнiцтве з такiмi цэнтрамi i ў развiццi прадпрымальнiцтва. Сёння ў камiсiях i структурах, якiя разглядаюць пытаннi развiцця прадпрымальнiцтва ў рэгiёне, практычна няма прадпрымальнiкаў, няма абаронцаў iх iнтарэсаў. Атрымлiваецца, што лёс прадпрымальнiцтва вырашаюць чыноўнiкi, далёкiя ад праблем бiзнэсу. Для многiх чыноўнiкаў яшчэ i сёння прадпрымальнiцтва — галаўны боль. Хоць насамрэч гэта новыя працоўныя месцы, гэта папаўненне бюджэту. Адзiны падатак, якi бярэцца з прадпрымальнiкаў, залiчваецца менавiта ў мясцовы бюджэт, а значыць, усе чыноўнiкi павiнны дзень i ноч дбаць пра тое, каб больш актыўна развiваць прадпрымальнiцтва ў сваiм рэгiёне.
 
Зрухi ёсць, але iх, на мой погляд, яшчэ недастаткова для таго, каб прадпрымальнiцтва развiвалася тымi тэмпамi i ў тых аб’ёмах, якiя неабходны дзяржаве.
Iнга МIНДАЛЁВА.
www.zviazda.by
 

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *