«Рок-Каранацыя» ад назвы не адмаўляецца

Нягледзячы на леташнія заявы пра тое, што цырымонія пройдзе пад такой назвай у апошні раз, яе арганізатары вырашылі захаваць свой брэнд. 14-ая па ліку «Рок-Каранацыя» пройдзе 3 сакавіка. Упершыню яе правядуць не ў канцэртнай зале, а ў клубе.

Як заяўляюць арганізатары цырымоніі Юрый Цыбін і Павел Кашырын, сёлета цырымонію ўзнагароджання вырашана правесці ў альтэрнатыўным фармаце – у клубе, каб слухачы атрымалі магчымасць патанчыць. Для гэтых мэтаў абраны мінскі клуб «Рэактар». Разглядаўся іншы варыянт – правесці музычную ўрачыстасць у Тэатры оперы і балета, але з гэтай задумы нічога не выйшла.

Да ўсяго, нягледзячы на заўпэўніванні перад цырымоніяй у 2009 годзе, калі было заяўлена, што ў будучыні ў назве застанецца толькі слова «Каранацыя», брэнд вырашана пакінуць. «Рок-Каранацыя» пройдзе ў Мінску 3 сакавіка. Па традыцыі, будуць названыя найлепшы альбом года, песня года, кліп года, пераможца ў намінацыі «Традыцыі і сучаснасць», рок-князёўна і ўладальнік Рок-Кароны – галоўны беларускі гурт году. Плануецца таксама ўвесці некалькі абсалютна новых намінацый.

Летась галоўную рок-карону атрымаў гурт «Ляпіс Трубяцкой», які і цяпер сярод галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

Сяргей Нятрэба, www.udf.by.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *