Названы галоўны беларускі кліп 2009 года

Кліп «Восеньскі вальс» мінскага рэпера Vinсent’а быў прызнаны найлепшым беларускім музычным відэа. Арганізатары прэміі «Кліп-марафон» прызнаюцца, што ў 2009 годзе мала з чаго было абіраць – беларускі кліп-рух ізноў запаволіўся.

Галасаванне праходзіла на старонцы NetRadio. Арганізатар прэміі Міхал Нядзвецкі кажа, што ў 2009 годзе беларускага відэа было знята небагата. У «Кліп-марафоне» да ўліку бяруцца толькі ролікі на беларускамоўныя песні. Такіх было ўсяго з два дзесяткі – нацыянальныя тэлеканалы беларускамоўных выканаўцаў не надта шануюць, а «Белсат» у мінулым годзе практычна прыпыніў вытворчасць кліпаў беларускіх музыкаў.

Па выніку галасавання 3-яе месца — за працай Наталлі Чатковай на песню Алеся Камоцкага «Знайдзі мяне», другое – за відэа «Карыда» ад IQ48 вытворчасці палякаў TV Working Studios. А першае месца досыць нечакана заняла праца Аляксандра Меліхаўца на песню «Восеньскі вальс», што выконвае Vinсent.

Сёлета арганізатары «Кліп-марафона» плануюць зладзіць вялікае канцэртнае шоў, дзе будуць узнагароджаныя не толькі аўтары найлепшых кліпаў 2009 года. Па задуме «кліпмарафонаўцаў», на цырымоніі будуць таксама падсумаваныя вынікі першага дзесяццігоддзя ХХІ стагоддзя і названае найлепшае відэа за гэты час.
 
Сяргей Нятрэба, www.udf.by

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *