Куды коціцца «Басовішча»

У гэты ўік-энд у польскім Гарадку, што непадалёк ад беларускай мяжы, стартуе 20-ты па ліку фестываль «Басовішчы». Скептыкі наракаюць на тое, што самы старэйшы беларускі рок-фэст за гэты час зусім не змяніўся і паступова страчвае публіку, так і не стаўшы камерцыйна апраўданым фестывалем еўрапейскага маштабу. Іншыя ж зазначаюць – «Басовішча» унікальная з’ява і яго вартасць якраз у гэтай нязменнасці. Дык куды коціцца «Басовішча»?

Сёлета, каб паслухаць N.R.M. і «Краму» з «Нейра дзюбелем», у Еўрасаюз збіраецца некалькі тысячаў беларусаў. Арганізатары разлічваюць, што канцэрты 17 і 18 ліпеня наведаюць ля 5 тысячаў гледачоў. Галоўнае пытанне для беларускіх наведнікаў – візавае.

Арганізатары так і не здолелі дамовіцца з польскім консульствам у Мінску на бясплатную візавую падтрымку, затое дзякуючы высілкам руху «За Свабоду» консульства ў Гродна пайшло насустрач. 1300 чалавек з усёй Беларусі звярнуліся туды па бясплатныя візы на дні фестывалю. Усяго “Басовішча” разлічвае прыняць да 5 000 гледачоў. Большая частка публікі будзе з Беласточчыны, дзе жыве шмат беларусаў. Фэст уласна і задумваўся, як музычнае свята для мясцовых беларусаў, але за 20 год існавання перарос гэты статус і стаў фактычна галоўным беларускім рок-фестывалем.

Адзін з тых музыкантаў, які выступаў яшчэ на самым першым фестывалі, лідэр гурта ULIS Вячаслаў Корань лічыць, што цяпер «Басовішча» змяняецца не ў лепшы бок і паступова страчвае публіку. «Не ўсё робіцца дзеля таго, каб гледачоў было шмат. У «Басовішча» ёсць сталае фінансаванне (фестываль фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Польшчы – заўвага аўт.), а калі бы грошы трэба было шукаць, то наўрад ці фестываль пратрымаўся бы 20 год», — кажа музыкант.

Ён упэўнены, што «Басовішча» магло бы стаць фестывалем еўрапейскага ўзроўню, калі бы яго арганізацыяй займаліся прафесіяналы (па традыцыі «Басовішча» ладзяць студэнты з Беларускага аб’ядннаня студэнтаў ў Польшчы). «Кожны фестываль павінен развівацца па агульных законах і «Басовішча» тут не выключэнне. Трэба запрашаць вядомых хэдлайнераў, што прывядуць публіку, якая ў сваю чаргу пабачыць і беларускія гурты», — упэўнены В.Корань.

А вось музычная журналістка Таццяна Заміроўская трымаецца іншага меркавання: «Усе размовы пра тое, што “Басовішча” павінна стаць маштабным еўрапейскім фестывалем, не адпавядаюць сутнасці. Гэта беларускі фестываль і гэта добра. Жаданне зрабіць з яго фест, падобны Be2gether, які праводзіцца на беларуска-літоўскай мяжы, з’яўляецца напэўна ад комплексаў. Таму што тым, хто гэта хоча зрабіць, падаецца, што беларуская музыка сама па сабе не ўяўляе такога інтарэсу і да яе абавязкова нешта трэба дадаць. Няхай лепш «Басовішча» застаецца такім злепкам беларускай культуры, бо так склалася гістарычна».

У праграме «Басовішча-2009» выступы двух дзесяткаў вядучых беларускіх рок-камандаў, запланаваны таксама выступ некалькі гуртоў з Беластоку, якія спяваюць па-беларуску. У другі дзень фестывалю, 18 ліпеня, адбудзецца сыграе адзіная запрошаная небеларуская зорка – польскі гурт «Lao Che». Галоўная падзея фестывалю – часовае адраджэнне зорак беларускага року савецкіх часоў – гуртоў «Мроя» і «Бонда».

Сяргей Нятрэба,  www.udf.by

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *