Дакота: Я не блатная



Нядаўняя мiнская школьнiца год таму праславiлася ў расiйскiм тэлевiзiйным праекце «Фабрыка зорак». Гэтымi днямi яна зноў у цэнтры ўвагi — у сувязi з адборачнымi страсцямi конкурсу «ЕўраФэст». Хто ў маi будзе прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачаннi»? Некаторыя спяшаюцца адказаць — Дакота. Хоць у спiсе з 15 паўфiналiстаў сярод яе канкурэнтаў Гюнеш Абасава, Пётр Ялфiмаў, група «Litеsоund», многа новых iмёнаў i назваў.
А на мiнулым тыднi Дакота ўпершыню выступiла са сваiм сольным канцэртам ў Мiнску ў невялiчкiм клубе. Што зараз адбываецца ў яе жыццi, цi развiваецца кар’ера, i як Дакота можа пракаментаваць чуткi вакол яе ўдзелу ў «Еўрабачаннi» — з першых вуснаў.
— Даволi значная падзея — першы канцэрт у родным горадзе, а як часта Вы цяпер бываеце на Радзiме?
— Даволi часта, таму што тут мае сябры, мая сям’я, мая любiмая мамачка. Я спачатку працую-працую — а потым прыязджаю i жыву тут. Калi мяне пытаюцца: «Дзе ты жывеш?» — я, здараецца, адказваю, што жыву ў Мiнску, а працую ў Маскве. Раз-два ў месяц я абавязкова прыязджаю — калi вельмi ўжо захочацца пабачыць мамачку, сяброў, проста паляжаць на канапе i нiчога не рабiць. А канцэрт у Мiнску мы зладзiлi абсалютна не дзеля грошай цi РR. Гэта для таго, каб падтрымаць развiццё эстрады, шоу-бiзнэсу ў Беларусi. Таму што вельмi мала беларускiя артысты выступаюць з вялiкiмi сольнымi праграмамi, дэманструюць нейкае шоу i новы цiкавы матэрыял. Мне проста захацелася падтрымаць iмкненне беларускай эстрады да самаўдасканалення. З’явiлася некалькi вольных дзён, i я вырашыла сумясцiць свой удзел у адборачным туры «ЕўраФэсту» i сольны канцэрт.
— Для ўдзелу ў канцэрце вы даволi нечакана запрасiлi беларускi гурт «Litеsоund» i свайго калегу па «Фабрыцы зорак Георгiя Iвашчанку…
 
Да гурта «Litеsоund» у мяне цяпер асаблiвая любоў. Канешне, у Беларусi многа цiкавых музыкантаў, але мне вельмi блiзкая менавiта тая музыка, што робiць «Litеsоund». Вось так здараецца — мы 17 гадоў пражылi на адной вулiцы, у нас адзiн раён — Камароўка — а сустрэлiся толькi ў гэтым жнiўнi ў Сочы на фестывалi «Пяць зорак», калi здымаўся беларускi канцэрт! Мы там як пазнаёмiлiся з хлопцамi, так i гулялi да ранiцы, i на балконе стаялi. А цяпер у нас проста ўжо творчы тандэм, ёсць сумесная песня, хутка яе запiшам.
А Пупса — Георгiя Iвашчанку — я папрасiла са мною прыехаць, мабыць, таму, што гэта адзiны чалавек з «Фабрыкi», з якiм мы сябруем, з кiм працягваем стасункi па жыццi, а не толькi калi сустрэнешся на якiх здымках, павiтаешся — i ўсё. У мяне пасля праекту i няма жадання з многiмi «фабрыкантамi» сутыкацца. А вось менавiта з Пупсiкам мы як пазнаёмiлiся ў чарзе ў першы дзень кастынгу, так i дагэтуль разам. Таму мне вельмi прыемна, што ён прыехаў са мною ў Мiнск i выступiць на канцэрце. Увогуле, мы плануем з iм таксама хутка запiсаць дуэт, вельмi смешны.
 
— Дарэчы, з усiх песень, што былi заяўленыя на конкурс «ЕўраФэст», Ваша кампазiцыя — адзiная на беларускай мове.
— Я стараюся асаблiва не каментаваць. Я нават не разумею, чаму гэта выклiкала такi шквал эмоцый i пытанняў. Мяне гэта крыху крыўдзiць. Чаму для беларусаў дзiўна, што дзяўчынка будзе спяваць на беларускай мове? Ведаеце, ёсць статыстыка, што з прыкладна 50-i пераможцаў конкурсу толькi 22 артысты спявалi на англiйскай мове, астатнiя — на сваёй роднай! Гэта iлюзiя — думаць, што для таго, каб перамагчы на «Еўрабачаннi», трэба спяваць па-англiйску. Мне здаецца, што i пры дапамозе музыкi, шоу, iнтанацыi можна данесцi да слухача змест песнi. Калi Марыя Шэрыфавiч спявала «Mоlitvа», усе яе зразумелi, хоць i не ведалi сербскай мовы. Я перакананая, што i беларуская мова гучыць вельмi меладычна i прыгожа. Увогуле ў мяне ў рэпертуары ёсць чатыры песнi па-беларуску.
— Раскажу такую гiсторыю: калi падчас тэлевiзiйнага шоу Першага канала па слядах «Еўрабачання» Вы з Белграда выходзiлi на сувязь з Беларуссю , выказвалi свае меркаваннi — адразу пайшлi такiя размовы, што менавiта Дакота ў наступным годзе паедзе на конкурс. I нават некаторыя артысты ўдзел у адборачным конкурсе «ЕўраФэст» ставiлi ў залежнасць ад таго, цi будзеце Вы падаваць заяўку. Маўляў, усё  адно выберуць Дакоту…
 
— Ой, я гэта чула шмат разоў! I расказвалi мне пра артыстаў i iх дырэктараў. Мне ўсё гэта смешна слухаць. Тое, што я тады з’явiлася на тэлеэкране — проста супадзенне. Браты Меладзэ на мой дзень нараджэння падарылi мне паездку ў Бялград, а там у мяне ўзялi iнтэрв’ю — таму што я беларуска, таму што я медыйная асоба, гэта ж нармальна. I што цiкава — я на той момант нават i не збiралася на «Еўрабачанне», наадварот, казала, што не паеду, у мяне былi зусiм iншыя прыярытэты. Тым не менш, калi была падрыхтаваная песня, калi з’явiлася такая iдэя, калi я даведалася, што ў мяне вераць многа таленавiтых, нават генiяльных людзей з таго ж расiйскага шоу-бiзнэсу, я падумала — а чаму б i не? Больш за тое, я хачу не проста паўдзельнiчаць, я хачу перамагчы на «Еўрабачаннi». Здорава, што конкурс будзе ў Маскве ў СК «Алiмпiйскi», я там ужо некалькi разоў выступала, для мяне гэтая сцэна ўжо родная. Ды й увогуле на любой сцэне я адчуваю сябе вольна, у мяне не бывае дрыжыкаў у каленках, i да таго падобнага. I яшчэ ёсць плюсы майго ўдзелу ў конкурсе менавiта зараз — мы толькi-толькi з «Фабрыкай зорак» аб’ездзiлi ледзь не ўсю Еўропу з гастрольным турам, выступiлi ў многiх краiнах, што будуць потым галасаваць, i мяне цяпер там i ведаюць, i помняць. I атрымаўся такi выдатны прома-тур!
 
А наконт размоваў пра тое, што мяне тут нехта лабiруе, прасоўвае — мяркуйце самi: у мяне зараз кантракт з прадзюсарскiм цэнтрам «Меладзэ Brоthеrs». Аднак нi адзiн, нi другi Меладзэ не збiраюцца мяне рыхтаваць да «Еўрабачання». Яны проста займаюцца iншымi справамi, у iх шмат праектаў, груп. I ўвогуле, як я зразумела, iм сам праект Дакота нецiкавы, i што з iм рабiць, яны не ведаюць. Я на гэтае праслухоўванне «ЕўраФэсту» пайшла адна — разам са сваiм былым педагогам па вакале, якая выкладае ў Палацы моладзi. Мы з ёй стаялi ў агульнай чарзе, пiлi агульную для ўсiх каву, i нiхто там з вялiкiх прадзюсараў не бегаў i не дамаўляўся — Дакота, Дакота!
Так, у мяне вельмi добрыя стасункi з Фiлiпам Бядросавiчам, мы нават павiнны былi здымацца ў адным серыяле. У яго потым не хапiла часу на здымкi, а я там буду. Мы з Кiркоравым як пасябравалi ў Бялградзе, так i дагэтуль сустракаемся. Ён мне так сказаў: «Пачакай! Зараз конкурс у Расii, я ў камiсii i не маю права нiкога з канкурсантаў падтрымлiваць. А вось праз год я цябе вазьму, ты клёвая i гэтак далей!». Але мне захацелася паспрабаваць свае сiлы неяк па-сапраўднаму, сумленна, без усялякай падтрымкi. У мяне, калi падводзiць вынiкi, зараз проста няма прадзюсара, я сам-насам са сваёй творчасцю, i мне здаецца глупствам лiчыць, што калi гэтая Дакота скочыла з расiйскага тэлевiзара, то яна блатная i за яе спiнаю стаяць нейкiя магутныя сiлы. Я хачу перадаць артыстам, якiя зараз удзельнiчаюць у «Еўрафэсце», перадаць i Гюнеш, i Пятру Ялфiмаву, i iншым — у мяне нават такiх прадзюсараў, як у вас, няма! У мяне нават Касмачовай няма! Можа, зараз гэта я вас усiх баюся i думаю — мне б такую падтрымку!
— Дык у Вас жа ёсць Дамiнiк Джокер!
— Вось усе мне кажуць — Дамiнiк Джокер. А мы з iм у музыцы абсалютна не супадаем. У яго r’n’b, хiп-хоп i аранжыроўкi адпаведныя. А я такую музыку i не прымаю i не надта разумею. Мне блiжэй рокавы драйв. Таму нiколi ў жыццi мне альбом не будзе запiсваць Джокер! Гэта мой сябар, мой брат — i ўсё. Я не хачу карыстацца яго сувязямi, яго станам у музычным свеце. Максiмум, што магу зрабiць — прыйсцi да яго ў студыю запiсаць пару дэмак. Домс вельмi таленавiты чалавек, але ж такi спантанны, трохi вар’яцкi. А ў мяне ўсё павiнна быць распiсана па секундах, распланаваная да дробязяў. Таму маiм прадзюсарам ён быць не можа.
— Значыцца, з кар’ерай зараз усё дрэнна?
— (Смяецца) Не, наадварот, усё цудоўна! Мне шмат кампанiй прапануюць кантракты, мне прапанаваў кантракт Максiм Фадзееў, прадзюсарскi цэнтр «Маналiт», «АРС» з задавальненнем бы працаваў са мною. Ёсць прапановы i з Еўропы. Але я пакуль у такiм стане — менш думаю пра бiзнэс, больш пра творчасць. Пiшу песнi, саўндтрэкi. Блiжэй да вясны будзе адзiн гучны праект, якi проста стрэлiць. Зразумейце мяне правiльна, я не хачу быць аднаразовай з’явай. Выйшла дзяўчынка з «Фабрыкi», запiсала некалькi песень, зняла клiп, паехала ў тур назбiрала грошай — а потым пайшла працаваць у бiблiятэку, таму што больш яе нiхто не хоча слухаць. Таму я лiчу, што лепей пачакаць, пасядзець—падумаць, раскласцi ўсё ў сваёй галаве па палiцах, потым зрабiць якасны прадукт i толькi потым ужо яго прадаваць.
— Памятаю, што калi Вы iшлi на «Фабрыку зорак», то былi не ў захапленнi ад падобнай музыкi, увогуле — ад сучаснай эстрады i так далей. Зараз усё памянялася?
— На «Фабрыцы зорак» я шмат чаму навучылася — як у прафесiйным, так i ў чалавечым плане. Мы змянiлiся там вельмi iстотна — у лепшы бок. Адна справа, як ты ставiшся да «Фабрыкi» , калi глядзiш тэлевiзар, i iншая — калi ты ўжо выпускнiк праекта. Зараз я лiчу, што трэба гэты сцяг з надпiсам «Я — фабрыкант!» узняць угару i з гонарам несцi. Такую прафесiйную школу далёка не кожнаму пашчасцiць прайсцi. Мой светапогляд абсалютна не змянiўся, проста я стала больш талерантнай, больш дарослай. Так, калi я туды прыйшла — была максiмалiсткай. Нi з кiм не размаўляла, мне ўсе «фабрыканты» здавалiся iдыётамi, i размовы iх — пра джынсы, трусы i да таго падобнае — здавалiся проста дзiкунскiмi. У сэнсе, я думала, што самая разумная. А цяпер разумею — кожны мае права на свой выбар па жыццi. Я, напрыклад, вегетарыянка, не нашу футраў — але ж я там нi на каго не крычала: «Эй, выкiнь гэты бутэрброд з кiлбасой!». Так i з музыкай — я навучылася ладзiць, жыць у гармонii з людзьмi, якiя нават не падзяляюць маiх поглядаў.                                                               
                                                                                                                                            «Звязда»
 
                                                                                                                                                                                                                    
   

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *