Mauzer больш ня будзе таварышам

Янка Маўзэр1 мая з Днём працоўных сталіцу павіншуе ўжо не таварыш, але ўсё яшчэ Mauzer: магілёўскі гурт змяніў не толькі бубнача, але і назву. Магілёўская каманда выступіць ў «Рэактары» з новым матэрыялам. Перад выступам пераможцаў «Басовішча-2005» на сцэну выйдуць Partyzone і піцерскі гурт О.Х. Апошні прыяжджае ў Мінск з прэзэнтацыяй свайго дэбютнага альбома «Без номера».

Ян Маўзэр расказаў «Белорусским новостям», чаму скарацілася назва гурта: «Нам прапанавалі выкінуць слова «таварыш» з-за яго савецкасці, камуністычнасці. Некаторыя нават думалі, што мы маем дачыненне да гэтых палітычных плыняў. Да таго ж, мы ўжо ўзнавальныя проста па «маўзэры». Тым больш, скандыраваць на канцэтрах прасцей «Mauzer», чым «Таварыш Mauzer».

З новым бубначом гурт змяніўся і па гучанні: «Наш новы бубнач ідзе ўжо пад лічбай 6. Былы, Арам, граў яшчэ і ў оперным тэатры, заўсёды быў вельмі заняты… Зараз з намі грае Вася з гурта «Трытон». Ён малады, драйвовы, абсалютова ў нашай музыцы. Таму па гуку мы сталі злейшыя, гучнейшыя, нахабнейшыя».

Апошні раз у Мінск маўзэры прыяжджалі больш за год таму. За час, што прайшоў, гурт шукаў магчымасьці выступіць на добрай пляцоўцы, і зараз зрабіў заяўку адразу на «Рэактар». Дарэчы, пра існаванне сапраўднай беларускай сцэны Ян распавядае: «Калі казаць пра пляцоўкі для выступаў, то беларуская сцэна досыць абмежаваная. Калі пра сцэну як з’яву культурную… Магілёўскі журналіст Віталь Шум сцвярджае, што яе няма. Я магу не пагадзіцца з гэтым, таму што ёсць хаця б «Mauzer». Але, на жаль, у Беларусі мала моцных груп, сапраўдных зорак. Тое, што у нас ёсць, знаходзіцца на аматарскім узроўні».

Маўзэры прыедуць з новым матэрылам. У гурта — сем новых песень, але ўсе выканаць не атрымаецца: «Ёсць у нас новая песня ў стылі «Калыханкі». Мы такія песні на канцэтрах не выконваем па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта канцэрт. Хочаца драйву. Па-другое, звычайна на выступах я зрываю голас, а такія песні патрабуюць чыстага вакалу». Старыя песні з’явяцца перад слухачамі ў іншай апрацоўцы: з новым бубначом усе трэкі гучаць па-іншаму, дзе-нідзе аранжыроўку змянілі радыкальна.

Наконт тэматыкі новых кампазіцый лідэр гурта выказваецца стрымана: «Мы не адыходзілі ад тэмы палітыкі — мы ніколі не былі ў гэтай тэме. Я размяжоўваю музыку і палітыку. Мастак можа рабіць творы на якія заўгодна тэмы. І калі гэта добры твор, то ён добры незалежна ад таго, якая ў яго тэма: кахання або грамадзянскага супраціву. Некаторыя абвінавачвалі нас у тым, што мы — палітызаваная каманда. Але мы палітыкай не займаліся. Мы музыкі. Палітыкай займалася напрыклад Дарафеева, калі выступала на канцэртах «За Беларусь!» Нас задрала «рабіць прыход» людзей на мітынг, які заяўлены як рок-канцэрт. Гэта падман, па сутнасці. Мы хочам, каб нас слухалі не з-за нейкай грамадзянскай пазыцыі, а з-за музыкі, якую мы граем, з-за песень, якія пішам».

Наконт будучых планаў музыкі не кажуць нічога пэўнага. Новых запісаў пакуль няма: гурт не хоча «раздарыць» матэрыял па трэках, а жадае адразу запісаць канцэптуальны альбом. Мы ж дачакаліся адкрыцця афіцыйнага сайту гурта. Зараз засталося толькі выправіць тэгі з Tav.Mauzer на Mauzer.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *