ПАПСА ЯК УДАРНАЯ СІЛА СТАРАСЬЦІ


«А ты такой холодный, как айсберг в океане…»
 

Алла Пугачёва
 

 
«Встречайте нашу новую звёздочку!»
 

Егор Хрусталёв
 

 
«А вот и я!»
 

Л.И.Брежнев
 

 
Якую музыку слухаў Генэральны сакратар ЦК КПСС, лаўрэат Ленінскай прэміі, маршал Л.І.Брэжнеў? Пэўна, ня «Бітлз» і ня «Ролінг Стоўнз».
 

 
Рокавыя рытмы для маладых. Яны й слухалі: забароненыя «Пінк Флойд», «Акцэпт» і «Лэд Зэпэлін».
 

Сёньняшнія бацькі са зьдзіўленьнем знаходзяць у сваіх дзяцей плыткі ня толькі «НРМ» ці «Рамштайна», але знаёмую «Мэталіку» дый запісы «Наўцілуса». Нічога дзіўнага. У маладосьці свая музыка – і яна пазачасная.
 

 
Але, як існуе «мэлёдыя» маладосьці, так існуе й музыка заўсёднае старасьці.
 

 
Росквіт яе адбыўся ў 70-ыя. Тагачасная папса маскавалася пад бадзёрасьць – але з нараджэньня была старэчай, ці, прынамсі, сьпелай дый стомленай. Песьні Пугачовай, Лявонцьева, П`ехі, не гаворачы ўжо пра Талкунову ці Лешчанку, – гэта пажады жанчыны, якая шмат пажыла, шмат бачыла, але ўсё яшчэ «гарыць сэрцам». (Варта адзначыць, што падобныя інтанацыі назіраліся й на Захадзе.)
 

 
1. Калі музыка маладосьці – гэта пратэст і нонканфармізм, то музыка старасьці – згода з грамадзтвам ці абыякавасьць да яго.
 

 
2. Музыка маладосьці заўжды грамадзянскае – нат тады, калі сьпяваецца пра каханьне. Музыка старасьці – прыватная, нат калі сьпявак не жадае «расставацца з камсамолам» (і абяцае быць «вечна маладым»).
 

 
3. Паводзіны музыкаў таксама розьняцца. Джон Ленан і Ёка Она праводзяць у ложку «дэманстрацыю за мір», а сэксуальная дысыдэнтка Пугачова ўцякае ў прыватны сьвет. І як бы скандальна не выглядала актрыса, сёньня яна зьяўляецца той, кім была насамрэч: найлепшай адвакаткай савецкага рэжыму – у яго апошняй маразматычнае стадыі.
 

 
4. Нарэшце, для музыкі маладосьці вельмі важны сэнс – і тэксты песень,  контракультурная «крытычная рацыянальнасьць» – нат з воклікам гэві-мэталю. А для старэчай папсы галоўнае – пачуцьцёвасьць, інтымная залагоджаная сьлязьлівасьць, гарантаваная абяздумленай інтанацыяй.
 

Сёньняшнія канцэрты «За Беларусь!» – гэта нараджэньне й вяртаньне старэчай папсы ў краіну. Няхай нікога не засмучае «грамадзянская» скірававанасьць гэтай акцыі (канцэрты агітуюць за Лукашэнку). Галоўнае – пачуцьцёва-прыватны шэпт, залагоджанасьць і казённа-бадзёрая «стабільнасьць» для непублічнага чалавека.
 

 
Так падзабытая зорка Ілона Бранявіцкая падзялілася самым інтымным: на «Славянскім базары» ў Віцебску яе пацалаваў Аляксандар Рыгоравіч. Увогуле, расейская папса – ударная сіла канцэртаў (засьвяціліся Стас П`еха, Валерыя, абяцаюць Міладзэ. Падобны дэсант быў у Януковіча – не дапамагло).
 

 
90% першага канцэрту складалі тутэйшыя клоны расейскай папсы. Нат «эўрадзетка» Ксенія Сітнік сьпявала рускую народную.
 

 
Сучасная папса Расеі застаецца «старэчай» музыкай – і найяскравейшы доказ гэтаму навагоднія «Старыя песьні пра галоўнае» (правільней іх назваць «Галоўнай песьняй пра старое»). Беларускія копіі паўтараюць «старэчыя» рысы папсы расейскай і дадаюць да гэтага нішчымную стэрыльнасьць і беднасьць. (Сэксуальная фронда рызыкоўная, бо месца галоўнага аб`екту даўно занятае.)
 

 
Саша Нэма й Жанэт, PrimaVera і Паліна Смолава – не запамінаюцца анічым, але пнуцца адпавядаць мэлёдыям старасьці: прыватнасьць, канфармізм,  «бываласьць» дый «бадзёрасьць» сэрца. Нават тэатар «Хрыстафор» працуе на галоўную тэму («Мяне ніхто ня любіць, у мяне глісты!»).
 

 
Але камэра ня здольная схаваць шматлікія засьцярожаныя – і мардатыя – твары чыноўнікаў, якім раздалі квіткі на лепшыя месцы. Роўна як ня здольная тэлевізія забясьпечыць і карцінку суцэльнага маладзёвага захапленьня, бо колькі ні паказваць адзін замылены кадар, заўзятараў ад гэтага болей ня стане.
 

 
Папсовы афіцыёз – гэта музыка старасьці. Яна не разьлічаная на маладзёвую аўдыторыю, якімі бы маладымі не здаваліся выканаўцы. Каб атрымаць водгук, такая музыка павінна стацца ня толькі больш прафэсійнай , але мусіць і дачакацца, каб ейныя слухачы састарэлі.
 

 
Каб жаданьні сьцяліся ад духоўнага дэфіцыту, каб вочы патухлі ад гадоў цынізму, а бабіна восень знайшла неспатоленае лібіда.
 

 
Але для духоўнае старасьці недастаткова ні 12 гадоў рэжыму, ні «братэрскіх» ін`екцый сканалых зорак, ні навязьлівых курсаў ідэалёгіі – і ні прыкрых канцэртаў «За Лукашэнка – без Беларусі».

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *