Уладзiмiр Някляеў сустрэўся з выхаванцамi жодзiнскай школы-iнтэрната

 
Удзельнiкi моладзевага патрыятычнага гуртка
ўсклалi кветкi да памятнага знака былому
вучню школы, воiну-iнтэрнацыяналiсту
Вячаславу Дашкевiчу.
 Сустрэча паэта Уладзiмiра Някляева з вучнямi i настаўнiкамi жодзiнскай школы- iнтэрната адбылася ў Жодзiне ў субботу. Дырэкцыя школы запрасiла знакамiтага беларускага паэта на мерапрыемства, прысвечанае ўгодкам вываду з Афганiстана савецкiх войск.
 
Да ўгодкаў было прымеркавана ўскладанне кветак  да памятнай дошкi  ў гонар былога вучня iнтэрната Вячаслава Дашкевiча, воiна савецкай армii, якi ваяваў i загiнуў у Афганiстане. Акрамя Някляева, на мерапрыемства быў запрошаны Аляксандр Камароўскi, жодзiнец, якi стварае агульнабеларускую арганізацыю па абароне правоў інвалідаў — удзельнікаў вайны ў Афганістане.
 
Уладзiмiру Някляеву выпала нялёгкая задача – разбурыць стэрэатыпы, якiя насаджаюцца беларускай моладзi пра афганскую вайну. З выступу кiраўнiука моладзевага  патрыятычнага клуба вынiкала, што воiны–афганцы, якiя загiнулi на чужой зямлi, паклалi свае жыццi дзеля абароны Айчыны.
 
Някляеў расказаў, што ў яго жыццi быў выпадак, калi яго запрасiлi да ўдзелу ў канцэрце ў Афганiстане перад савецкiмi салдатамi. Паэт адмовiўся ад паездкi, бо не хацеў манiць i прыкiдвацца, быццам лiчыць, што салдаты сапраўды абараняюць Айчыну. Гэта была вайна палiтыкаў, сказаў паэт, а салдаты былi яе несправядлiвымi i непатрэбнымi ахвярамi.
 
Вершы Някляева прагучалi са сцэны – з вуснаў выхаванцаў школы, а таксама ў выканнаннi аўтара. Напрыканцы паэт падарыў школе i прыхiльнiкам свае кнiгi.
 
Служба iнфармацыi «Барысаў Электронны».
 

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *