Як сакратарка зрабілася стрэлачнікам…

Здаецца, простая ісціна: калі краіну называюць Беларусь, то ведаць беларускую мову і карыстацца ею павінна пераважаная большасць яе насельнікаў, а не толькі адны “адмарозкі”. Дзяржаўныя чыноўнікі, у сваю чаргу, абавязаны спрыяць распаўсюду дзяржаўнай мовы на ўсе бакі нашага жыцця. Кіруючыся гэтай высновай, Сяргей Салаш і Алег Мацкевіч, два жыхары Барысава, горада які, дарэчы, адносна нядаўна адсвяткаваў Дзень беларускага (!) пісьменства, накіравалі ліст дырэктару дзяржаўнага аўтапарка № 3 А. Ф.Шкрэдаву.
 
Вось гэты ліст.
 
“Паважаны Аляксандр Фёдаравіч!
 
Мы, жыхары Барысава, звяртаемся да Вас як да дзяржаўнага службоўца і дэпутата Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў. Просім Вас уважліва вывучыць нашы прапановы і даць адказ у вызначаны Законам «Аб зваротах грамадзян» тэрмін.
 
На V З’ездзе беларусаў свету, што прайшоў 18—19 ліпеня 2009 г. ў Мінску,  была агучаная ідэя абвяшчэння 2010 году ў нашай краіне Годам беларускай мовы. Гэтая ідэя была падтрымана Радай Таварыства беларускай мовы. Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і ТБМ ужо накіравалі звароты да кіраўніка дзяржавы з тым, каб быў выдадзены адпаведны ўказ. «Як вынік, абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы мусіць пацягнуць за сабой распрацоўку і рэалізацыю на дзяржаўным узроўні канкрэтных захадаў па папулярызацыі беларускай мовы і беларускамоўнай культуры ў грамадстве, пашырэнне сферы яе ўжытку», – гаворыцца ў звароце. Цяпер «Бацькаўшчына» і ТБМ заклікаюць грамадзян Беларусі падтрымаць гэтую ініцыятыву.
 
14 кастрычніка Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распачалі кампанію па зборы подпісаў за абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы.
 
Родная мова ёсць найвялікшым багаццем, дадзеным кожнай нацыі, са знікненнем якога само існаванне пэўнага народа і створанай ім дзяржавы, яго ўнікальны характар, тое, што робіць яго адрозным ад іншых народаў свету, ставіцца пад пагрозу. Сённяшні стан беларускай мовы выклікае вялікую занепакоенасць.
 
Спэцыялізаваная структура Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у пытаннях адукацыі навукі і культуры (UNESCO) заявіла пра пагрозу знікнення беларускай мовы. Ад сёлета гэтая міжнародная арганізацыя зарэгістравала нацыянальную мову беларусаў у міжнародным атласе “Мовы свету ў небяспецы” (“World`s Languages in Danger”).
 
Ініцыяваны працэс падтрымкі беларускай мовы і дзяржаўнымі структурамі Рэспублікі Беларусь. Так, летась Берасьцейскі аблвыканкам выступіў з ініцыятывай для чыноўнікаў: адзін дзень на тыдзень размаўляць па-беларуску. Абласныя ўлады Магілёўшчыны сёлета прадоўжылі і пашырылі гэтую ідэю: стварылі адмысловую камісію па распрацоўцы праграмы вяртання беларускай мовы ў публічнае жыццё. Гэта праца пачалася пасля звароту да ўладаў краiны грамадзянскай iнiцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяцi». Ва ўпраўленнi iдэалогii Магiлёўскага аблвыканкама пагадзiлiся, што сiтуацыя вартая ўмяшання: руская мова стала асноўнай мовай зносiнаў, а родная мова беларусаў, паводле ЮНЕСКА, знаходзiцца пад пагрозай поўнага знiкнення. Старшыня аблвыканкама Пётр Руднiк даручыў распрацаваць комплекс захадаў, дзе б былi сiстэматызаваны высiлкi па прапагандзе беларускай мовы органаў дзяржаўнай улады, дзеячаў нацыянальнай культуры, СМI, грамадскiх арганiзацый усiх узроўняў. Яго мяркуецца рэалiзаваць у 2010 годзе, якi магiлёўскiя ўлады прапануюць аб`явiць Годам роднай мовы. Папярэдне мяркуецца, напрыклад, павялiчыць колькасць гадзiн выкладання культуры беларускай мовы ва ўстановах адукацыi, а ў дзiцячых садках прапанаваць выхавальнiкам раз на тыдзень камунікаваць з дзецьмi на роднай мове. Паводле прапаноў, у справу могуць уключыцца i першыя асобы вобласцi i сельскiх раёнаў, i прамаўляць менавiта на беларускай мове ў асаблiва значных i ўрачыстых выпадках. У тэатры плануюць больш спектакляў на роднай мове. Творчыя конкурсы, асаблiва сярод моладзi, могуць стаць яшчэ адным дзейсным сродкам прыцягнення ўвагi да нацыянальнай культуры i лiтаратуры. Цэннiкi ў крамах i меню ў грамадскiм харчаваннi можна рабiць на дзвюх дзяржаўных мовах. Беларускую мову, мяркуюць распрацоўшчыкi комплексу мераў, трэба больш шырока выкарыстоўваць на iнфармацыйных экранах, у рэкламе i афiшах па культурнай тэматыцы. СМI Магілёўшчыны гатовыя прапаноўваць матэрыялы аб захаваннi i развiццi духоўнай спадчыны беларускага народа.
 
Новы міністр культуры Беларусі Павел Латушка «не ўяўляе Міністэрства культуры без беларускай мовы». Аб гэтым ён заявіў, калі адказваў на пытанні дэлегатаў V з`езда беларусаў свету, што прайшоў 18—19 ліпеня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры. Паводле слоў міністра, асабіста для яго «беларуская мова з`яўляецца прыярытэтнай». «У асноўным у Міністэрстве культуры мы будзем весці справаводства на беларускай мове і такім чынам пастараемся падаваць прыклад астатнім міністэрствам і ведамствам», — сказаў Латушка.
 
Пры гэтым ён заявіў, што не лічыць магчымым наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай цяпер. «Гэтае пытанне не рэвалюцыйнае. Мы павінны паступова прыходзіць да таго, каб беларуская мова стала асноўнай мовай зносін. Загадам такія пытанні не вырашаюцца», — перакананы міністр.
 
Не ў баку ад працэсу адраджэння роднай мовы сёньня знаходзіцца тэлебачанне, радыё. Першы нацыянальны канал распачаў перавод выпускаў навін, а таксама іншых праграмаў на беларускую мову. Беларусізацыя праграмаў адбываецца таксама ва ўсіх абласных тэлерадыёаб`яднаньнях.
 
На прыкладзе вышэйзгаданых дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый заклікаем Вас далучыцца да працэсу падтрымкі і адраджэння беларускай мовы, як матчынай мовы нашага народа. Высока цэнім тое, што ў грамадскім транспарце горада гучная сувязь (аб’яўленне прыпынкаў, сацыяльна значная інфармацыя) вядзецца па-беларуску. Мяркуем, што з Вашай ініцыятывы можна было б зрабіць пэўныя захады па перакладу маршрутных шыльдаў на беларускую мову, стварэнню беларускамоўнай рэкламы. Гэта было б істотным унёскам з Вашага боку ў ганаровую справу беларускага адраджэння.
 
Таксама запрашаем Вас далучыцца да кампаніі па зборы подпісаў. З гэтай мэтай дасылаем Вам падпісны ліст, у якім Вы можаце паставіць уласны подпіс, а таксама папрасіць паставіць подпісы сваех родных, блізкіх, супрацоўнікаў. Падпісаныя лісты просім дасылаць самім па ўказаным у лісце адрасе.
 
«Шмат было такiх народаў, што страцiлi наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым i зусiм замёрлi. Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай, — каб не ўмёрлi!» (беларускі паэт Францішак Багушэвіч)”.
 
Ліст быў накіраваны 5 лістапада мінулага года. Але адказу ад шаноўнага дырэктара аўтапарка аўтары зварота так і не дачакаліся. Паколькі гэтым быў парушаны парадак працы з лістамі грамадзян, які існуе ў нашай дзяржаве, за падтрымкай Салаш і Мацкевіч звярнуліся да пракурора Барысаўскага раёна Алега Аўдзея.
 
Пракурор у адрозненне ад дырэктара адказаў ў належны тэрмін.
 

 

У адказе саветніка юстыцыі, як мы бачым,  ёсць інфармацыя аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці сакратаркі Стасевіч, якая быццам бы згубіла заварот да дырэктара Шкрэдава. Магчыма, канешне, і згубіла. І, мабыць, абавязкова атрымае спагнанне, вымову, вусную ці нават пісьмовую. Ці, крый Божа! нават пазбавіцца часткі прэміі.
 
А што далей? Як быць з прапановамі грамадзян па пашырэнню ўжывання беларускай мовы, накіраванымі дырэктару Шкрэдаву? Пісаць чарговы ліст і спадзявацца, што сакратарка на гэты раз не схібіць? А калі зноў памыліцца і выкарыстае паперы не па прызначэнню? Атрымае чарговае спаганенне?
 
Згадваючы вядомы выраз вядомай юрысткі Ярмошынай, можна канстатаваць: знойдзена элегантнае рашэнне праблемы!
 
Але не пераканаўчае…

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *