Юры Станкевiч : «Абраны беларусамi шлях – шлях самазнiшчэння»


Пiсьменнiк, iмя якога выкрэслiлi з кнiгi «Памяць». Пiсьменнiк, творы якога цяжка знайсцi  на палiцах дзяржаўных бiблiятэк. Пiсьменнiк, якога з захапленнем чытаюць аматары беларускай прозы и маладзёны цытуюць у блогах. Пiсьменнiк, якога адны лiчаць адшчапенцам, другiя – крайнiм нацыяналiстам, трэцiя – невымерным песiмiстам, а iншыя – прарокам i празарлiўцам.
 
Юры Станкевiч  жыве  ў невялiчкiм драўляным доме ў раёне барысаўскага завода агрэгатаў. Гэта дом яго старой мацi, дом  пасярэдзiне старога сада, дом, дзе памiрае ад старасцi кошка.  Тут на працягу некалькiх меясяцаў Юры Станкевич пiсаў свой новы буйны твор.
 
Днямi  у выдавецтве «Галiяфы» выйдзе раман Юрыя Станкевiча «П’яўка». Напярэдаднi гэтай падзеi ў свеце лiтаратуры з Юрыем Станкевiчам гутарыць журналiст Алена Аўтушка.
 
— Чым адметны новы раман, спадару Станкевiч?
 
— Раман «П’яўка» для беларускай лiтаратуры  — бадай, новая форма, новая iдэя. Гэта раман- антыўтопiя. Дзея рамана адбываецца ў 2050 годзе. Месца – тагачасная Беларусь. Гаворка ў рамане аб тым, што можа стацца з грамадзкасцю, калi яна будзе iсцi ў тым накiрунку, якi яна зараз абрала. Я можа дрэнны аналiтык i не намагаюся даваць прагнозы, але я маю развiтую iнтуiцыю, i вiдавочна, што абраны шлях – шлях самазнiшчэння.
 
— Вы адрасуеце раман адмысловай аўдыторыi?
 
— Я не збiраюся заваёўваць чытача, для мяне не важна, хто прачытае кнiжку. Але мяркую, што найбольш раман можа паўплываць на моладзь правага накiрунку. Я, можна сказаць, i сам – правы радыкал.
 
—  Чаму вашых кнiг амаль няма ў бiблiятэках?  
 
— Гэта помста. Некалi я быў намiнантам на Дзяржпрэмiю. Але потым мяне выключылi нават з кнiгi «Памяць», дзе адведзены месцы вядомым нараджэнцам Барысаўшчыны. Я ж сын калабаранта. Мой бацька адсядзеў па 58 артыкуле, сядзеў i ў Карлагу, тым самым, дзе быў Салжанiцын. Зараз арыштаваны ўвесь наклад маёй кнiжкi з 600 старонак – «Апладненне ёлупа». Яна ўжо колькi месяцаў ляжыць у сутарэннях Дома друку. Сiтуацыя з кнiгай звязана з  публiкацыяй у «Настаўнiцкай газеце», галоўны рэдактар якой трапiў пад суд. На мяне ў Мiнадуцкацыi нават напiсалi два даносы. Тым не менш, па маiх творах напiсана каля 10 дыпломаў i 15 дысертацый. Значыць,  вывучаюць.
 
— А то ж. Я знайшла некалькi спасылак на Ваш сайт у блогах i ў Жывым Журнале. Маладзены раяць адзiн аднаму прачытаць Ваш раман  «Любiць ноч – права пацукоў».
 
— Так, студэнты, моладзь чытае.  Мая кнiга «Мiльярд удараў» была намiнавана на лiтаратурную прэмiю. Прэмiю не далi, але адзiн чыноўнiк ад лiтаратуры ў сваiм выступе сказаў, што «Мiльярд удараў» — «лепшая кнiжка года». I дадаў: «хоць погляды аўтара не падзяляю»…
 
— Дзякуй за интэрвiю i за кнiгу.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *