Леў Марголін: «Лібералізацыя эканомікі немагчыма без лібералізацыі ў грамадстве»

— Чаму беларускі ўрад так і не прадставіў грамадству ніякай антыкрызіснай праграммы?
 
— Беларускія ўлады жывуць, так бы мовіць, у паралельнай прасторы. Для іх ўсё, што робіцца ў нашай эканоміцы, гэта праявы сусветнага фінансавага крызісу. Інакш кажучы, мы проста апынуліся не ў той час і не ў тым месцы. «У нас выдатная прамысловасць, выдатная сельская гаспадарка, пра будаўніцтва і транспарт і казаць няма чаго, — сцвярджаюць яны. — Што скараціўся попыт на нашу прадукцыю, гэта не віна наша, а бяда. Гэтую навалу трэба проста перачакаць, як навальніцу, і ўсе вернецца да ранейшага стану». Адсюль выснова: трэба шукаць грошы, каб не спыняць вытворчасць і адначасова падвысіць намаганні па продажу прадукцыі. Калі ўдасца перачакаць крызіс, то пры першых прыкметах ажыўлення мы зноў будзем на кані.
 
— Можа яно і на самай справе так?
 
— Ні ў якім разе. Усе незалежныя эксперты, прычым не толькі ў нас, а і за мяжой, адзіныя ў тым, что крызіс наш мае свае, беларускія карані, і пачаўся ён не ўчора, а яшчэ два гады таму. У яго аснове ляжыць неэфектыўная эканамічная мадэль савецкага кшталту. Толькі шматмільярдныя расійскія датацыі ў выглядзе танных нафты і газа дазвалялі ёй больш-менш удала існаваць апошнія 15 год. Скончыліся датацыі — скончылася шчасце. Нашы тавары гублялі сваю канкурэнтаздольнасць ужо да крызісу, тым больш яны не будуць патрэбны пасля яго. Гэта толькі спадар А.Тур лічыць, што падчас крызісу злачынна рабіць рэформы. У рынкавай эканоміцы толькі падчас крызісу гэтым і займаюцца, таму праз два-тры гады на расійскім рынку нас будзе чакаць нечаканая канкурэнцыя з боку больш якасных і танных тавараў, вырабленых на расійскай тэрыторыі японскімі, еўрапейскімі і паўднёвакарэйскімі фірмамі.
 
 — Як Вы ставіцеся да агучанай урадам праграмы лібералізацыі эканомікі?
 
— Сапраўдная лібералізацыя эканомікі немагчыма без лібералізацыі ў грамадстве. Мы ніколі не атрымаем сапраўдных інвестыцыяў — не толькі замежных, але і ўнутраных — пакуль у краіне будзе кіраваць не закон, прыняты дэмакратычным паламентам, а ўказы і дэкрэты. З другога боку, сапраўдная лібералізацыя  ў сферы бізнесу падрывае асновы аўтарытарнага рэжыму, таму тое, што робіцца цяпер, — гэта не больш чым дэкарацыя. Ну, сапраўды, ці можна лічыць гэта лібералізацыяй, калі гранічныя надбаўкі на асобныя віды тавараў не адмяняюцца, а падвышаюцца з 20% да 30%. На самай справе, зроблены толькі першы крок: спрашчэнне рэгістрацыі бізнесу, і другіх пакуль не бачна.
 
— А што прапануюць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы?
 
— Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прапанавалі ўраду і грамадству сваю антыкрызісную платформу. Гэта насамрэч іншая філасофія народнай гаспадаркі. Тут няма магчымасці, каб падрабязна распавесці аб ёй. Але скажу, што ў яе аснове ляжаць тры асноўныя прынцыпы.
 
Па-першае, гэта роўныя правы і эканамічная свабода ўсіх суб’ектаў эканомікі, незалежна ад формы ўласнасці. Ніякіх прагнозных паказчыкаў. Вытворчасць павінна адпавядаць попыту. Ніякага дырэктыўнага цэнаўтварэння. Нягледзячы на прысутнасць Дзяржкамцэн, цэны ў нас толькі растуць. На Захадзе такой установы няма, а цэны падаюць. Ніякіх абмежаванняў дробнаму бізнесу, хай наймаюць людзей, хай скарачаюць беспрацоўе.
 
Па-другое, скарачэнне бюракратычнага апарату, скарачэнне бюджэтных выдаткаў на падтрымку стратных прадпрыемстваў. Тое, што павінна памерці — усё роўна памрэ. Але адначасова — падвышэнне дапамогі па беспрацоўі да памераў пражытковага мінімуму, дзяржаўныя праграмы перападрыхтоўкі кадраў і перасялення іх пры неабходнасці туды, дзе ёсць працоўныя месцы.
 
Па-трэцяе, выкарыстанне замежных крэдытаў не на падтрыманне абменнага курсу, а на неадкладнае рэфармаванне эканомікі і дапамогу тым, хто пацярпеў ад крызісу. Больш падрабязна з платформай можна азнаеміцца на інтэрнэт-сайтах.
 
 Газета «Новы час»
 
Антыкрызісную платформу і матэрыялы па пераадоленню крызісу можна прачытаць на сайтах ucpb.org; udfb.org
 

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *