Ізноў пра галодны бунт

Удзельнікі навуковай канференцыі «1929-1934: сталінская «рэвалюцыя зверху» ці вынішчэнне сялянства і галадамор на Беларусі», якая была прысвечана гадавіне Барысаўскага галоднага бунту і адбылася днямі ў Мінску, у мінулую нядзелю пабывалі ў нашым горадзе, дзе наведалі мясціны, звязаныя з падзеямі красавіка 1932 года, і гісторыка-культурныя помнікі. Канферэнцыю арганізавала мемарыяльная секцыя грамадскай арганізацыі «Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры».
Некалькі месяцаў таму на сайце «Барысаў Электронны» разгарнулася нешта накшталт дыскуссіі, прысвечаный падзеям галоднага бунту. Яе справакавала з’яўленне інтервью з гісторыкам і краязнаўцай Александрам Балябіным. Камнем сутыкнення стала пытанне аб дакладнай даце падзей, а таксама аб колькасьці рэпрэсіраваных барысаўцаў. У гэтай сувязі наведвальнікам нашага сайта, пэўна, будзе цікава пазнаёміцца з тэкстам выступу на канферэнцыі Васіля Матаха, вядучага навуковога супрацоўніка Дзяржаўнага архіву Мінскай вобласці.
 
 
БАРЫСАЎСКІ ГАЛОДНЫ БУНТ
 
Барысаўскі галодны бунт за сённяшні час з’яўляецца адзіным вядомым маштабным выступленнем грамадзян БССР супраць скарачэння хлебных норм у 1932 г. Негледзячы на тое, што гэтае выступленне было цалкам стыхійным і неарганізаваным – не было яўных лідэраў ці кіраўнікоў выступленняў, не былі выдвінуты акрэсленыя палітычныя ці эканамічныя патрабаванні – яно з’яўляецца ўнікальнай з’явай для Беларусі 1930-х гг. Напэўна, гэта адзінае пакуль што вядомае адкрытае, актыўнае выступленне жыхароў Беларусі супраць харчовай палітыкі савецкіх уладаў таго часу.
 
Амаль усе архіўныя дакументы па гэтай падзее, якія на цяперашні момант вядомыя даследчыкам, знаходзяцца ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці (акрамя пастановы бюро ЦК КП(б)Б па “барысаўскай справе”, якая знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь). На жаль, дакументаў гэтых няшмат – фонды ўстаноў, дзе павінны былі знаходзіцца асноўныя дакументальныя сведчанні па барысаўскім хваляванням красавіка 1932 г., захаваліся толькі часткова. У фондзе Барысаўскага гаркому КП(б)Б (ф. 752П) цалкам адсутнічаюць дакументы за 1930-1937 гг. Дакументы Мінскага абкому КП(б)Б (ф. 1П) захаваліся толькі з 1938 года. Таму для пошуку прамых звестак аб барысаўскім бунце можна было выкарыстаць толькі фонд Мінскага гаркому КП(б)Б (ф. 164П) і Барысаўскага райкому КП(б)Б (ф. 424П). Усе пакуль што выяўленыя па гэтай тэматыцы дакументы архіва Мінскай вобласці знаходзяцца менавіта ў гэтых двух фондах.
 
Гэта пратаколы пасяджэнняў бюро Барысаўскага райкому КП(б)Б ад 8-га і 12-га красавіка 1932 г. (ф. 424П-1-42 а. 110-112; ф. 424П-1-46 а. 3-4); дакладныя запіскі намесніка паўнамоцнага прадстаўніка (ПП) АДПУ па БССР Дукельскага і кіраўніка сакрэтна-палітычнага аддзела ПП Зубрыцкага ад 9 і 10 красавіка 1932 (ф. 164П-1-132, а. 316-320, 388-392); дакладная запіска сакратара Барысаўскага РК КП(б)Б Тамашэўскага ад 11 красавіка 1932 г. накіраваная першаму сакратару ЦК КП(б)Б Гікала (ф. 424П-1-49, а. 9-12).
 
Гэтыя дакументы непасрэдна апісваюць падзеі ў Барысаве 7-8 красавіка 1932 г. У шэрагу дакументаў Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці можна знайсці ўскосныя сведчанні пра барысаўскі “галодны бунт” – напрыклад, у дакладной запісцы ваеннага камісара 7 конна-артылерыйскага палка Прышчэпава ад 15 красавіка 1932 г. (ф. 424П-1-48, а. 26-27), у данясеннях інфарматараў АДПУ аб размовах людзей на мінскіх вуліцах і кірмашах у красавіку 1932 г. (164П-1-128, а. 101-102), у палітыка-эканамічным аглядзе Барысаўскага раёна па стану на 1 студзеня 1940 г. (ф. 424П-1-196, а. 9).
 
ЦК КП(б)Б у красавіку 1932 года канстатаваў: “Становішча снабжэньня хлебам рабочых і іншых працоўных мас з цэнтралізаваных фондаў надзвычай напружанае. Меўшы месца ў гэтым годзе недарод хлеба ў радзе буйнейшых сельскагаспадарчых раёнаў (Паволж’е, Урал і іншыя), невыкананне пляну збожжа-нарыхтовак па Саюзу, прыкладна, у разьмеры 100 млн пудоў, аказанне семянной дапамогі цэламу шэрагу раёнаў у разьмеры 45 млн пудоў (пастанова ЦК і СНК СССР) выклікалі неабходнасць скарачэньня выдаткаваньня хлеба па ўсяму Саюзу на застаўшыся час да новага ўраджаю, максімальнай эканоміі ў выдаткаваньні хлеба” (ф. 164П-1-51 а. 160).
 
Урад БССР быў пастаўлены перад наступным фактам – фонд мукі на 2-і квартал 1932 года быў меней за аналагічны фонд 1-га квартала на 30 %. Іншымі словамі, для траціны ўсіх рабочых Беларусі, якія забяспечваліся харчам па картачках, хлеба не было.
У гэтых умовах ЦК КП(б)Б прыняў наступнае рашэнне: болей 140 тысяч рабочых, служачых і членаў іх сем’яў (у тым ліку звыш 40 тысяч дзяцей) па ўсёй Беларусі былі зняты з цэнтралізаванага забеспячэння. Аб іх харчаванні ЦК КП(б)Б прапанавала паклапаціцца мясцовым партыйным ворганам. У тых рабочых, якія былі пакінуты на дзяржаўным забеспячэнні, паёк паменшаў, прыблізна, на трэць. У залежнасці ад значнасці прадпрыемства, на якім працавалі рабочыя, паёк складаў ад 300 да 600 грам хлеба ў дзень. Члены іх сем’яў павінны былі атрымоўваць ад 200 да 300 грам хлеба (што можна параўнаць з нормамі блакаднага Ленінграда).
 
Да таго ж і хлеб гэты быў нячысты, з прымешкамі. У мэтах эканоміі мукі, ЦК КП(б)Б у красавіку 1932 года выдае спецыяльную пастанову для усіх хлебазаводаў – дабаўляць у хлеб у працэсе выпечкі бульбяныя хлоп’я – да 17 % (ф. 164П-1-51 а. 165). Здаралася, заводы клалі ў хлеб столькі прымешкаў, што ён маментальна скісаў. Так, у чэрвені 1932 года на Мінскім хлебазаводзе было сапсавана 30 тон хлеба. Камісія ўстанавіла, што бульбяных прымешкаў у гэтым “хлебе” было 26 % (ф. 164П-1-132 а. 690).
Нагадаем, што усяго некалькі тыдняў таму – у лютым 1932 г. у БССР было праведзена павышенне цэн на некаторыя тавары шырокага ўжытку (згодна з дырэктывай ЦК ВКП(б) ад 31 студзеня 1932 г.) (ф. 164П-1-47 а. 2-3).
 
Па дакументах, якія захоўваюцца ў Дзаржаўным архіве Мінскай вобласці, можна аднавіць храналогію падзей, якія адбыліся ў Барысаве ў пачатку красавіка 1932 г.
На той час горад Барысаў быў адным з буйных прамысловых цэнтраў БССР. У ім пражывала каля 50 000 чалавек, 13 000 з якіх непасрэдна працавалі ў вытворчасці, пераважна дрэваапрацоўчай. 4-га красавіка Барысаўскі РК КП(б)Б атрымаў тэлеграмы ад Наркамата забеспячэння (Наркомснаба) і ЦК КП(б)Б аб увядзенні новых, зменшаных норм выдачы хлеба па картках.
 
Кіраўніцтва Барысаўскага райкома вырашыла аб’явіць аб увядзенні новых норм 5-га красавіка, а хлеб выдаваць па новых нормах – з 6-га красавіка. 4-га красавіка былі скліканы нарады кіраўнікоў партыйных арганізацый раёна, прамысловых прадпрыемстваў, устаноў кааперацыі, загадчыкаў хлебных крам. На гэтых нарадах былі пастаўлены задачы на працягу двух дзён да ўвядзення новых норм адпаведным чынам падрыхтаваць працоўныя масы – правесці агітацыйна-растлумачальную працу. Цікава, што ЦК КП(б)Б не даў ніякіх спецыяльных указанняў па гэтаму пытанню – відавочна, ніхто не чакаў праблем (кіраўніцтва Барысаўскага РК КП(б)Б звярталася па тэлефоне ў ЦК КП(б)Б, але акрэсленага адказу на гэты конт не атрымала).
 
Як адзначалася ў дакладной запісцы АДПУ, з 5-га красавіка, калі было аб’яўлена аб змяншэнні норм выдачы хлеба: “…среди рабочих пром. предприятий гор. Борисова, а также среди служащих и неорганизованного населения стали отмечаться настроения резко отрицательного характера. В дальнейшем, это недовольство, разжигаемое деятельностью антисоветского элемента города, приняло характер открытых антисоветских выступлений с призывом к активным действиям” (Ф. 164П-1-132 а. 388).
 
АДПУ зафіксавала наступныя выказванні рабочых барысаўскіх прадпрыемстваў кшталту: “далей цярпець нельга”, “сялянства толькі і чакае вайны, каб вызваліцца ад калгасаў”, “з рабочага выцягваюць жылы”, “калі не буржуі, дык камісары ўсё роўна задавяць рабочага голадам”. 5-га красавіка ў Барысаве прайшоў стыхійны мітынг, перад натоўпам выступіў рабочы Чухман, які заявіў: “Коммунисты-большевики заставляют трудящихся голодать, обрекая на голодную смерть. Все это видят наши заграничные братья и сестры, которые восстанут с оружием в руках и освободят нас от ига коммунистов”. АДПУ атэставала Чухмана як “псіхічна ненармальнага”, але адзначыла, што ягоны выступ быў падтрыманы усімі, хто прысутнічаў на мітінгу.
 
Незадавальненне харчовай палітыкай савецкай улады выказвалі і тыя, каго змяншэнне норм не зачапіла – рабочыя-ударнікі і нават партыйцы.
 
На другі дзень выдачы хлеба па новых нормах – 7-га красавіка, назадавальненне прыняло актыўную форму. Намеснік паўнамоцнага прадстаўніка (ПП) АДПУ па БССР Дукельскі і загадчык сакрэтна-палітычнага аддзела ПП АДПУ па БССР Зубрыцкі паведамлялі: «7-го апреля как в самом городе, так и в пригороде Ново-Борисов последовали массовые выступления преимущественно женщин, в результате чего была разгромлена хлебная лавка и расхвачен хлеб из двух повозок, следовавших к хлебным магазинам. Со стороны наводнивших улицы толп женщин и частично мужчин количеством от 300 до 500 человек раздавались антисоветские выкрики и призывы вроде: “Бей всех советских бл..дей”.
 
В результате арестов некоторых наиболее активных участников выступления, толпы в самом городе были рассеяны, а в Ново-Борисове оставались на улицах до позднего вечера» (Ф. 164П-1-132 а. 389-390).
 
З боку барысаўскай міліцыі актыўнага процідзеяння хваляванням не было, што адзначалася і ў дакладных запісках АДПУ і ў пастановах райкому: «Со стороны выставленных на улицы милицейских пикетов отдельными милиционерами не только не принималось мер к успокоению толпы, а наоборот, имелись случаи призыва к активным действиям. Так, например, милиционер Прадед, когда ему предложили не допускать расхватывания хлеба, заявил: «Я сам голоден». Другой милиционер (фамилия неизвестна), подойдя к толпе женщин, призывал их действовать организованно. Оба арестованы» (Ф. 164П-1-132 а. 390).
 
Гарадское кіраўніцтва разгубілася і не кантралявала сітуацыю. АДПУ адзначала: «…в советских учреждениях и ЦРК царила полнейшая растерянность. Сотрудники в первый же день по приходе толпы разбежались, вследствие чего среди участников волынок велись разговоры, что они обошли все учреждения и никого не нашли, а потому в городе власти уже нет. Такое же положение было и в Горсовете. Большая часть актива парторганизации в это время находилось в с/советах по проведению кампаний» (Ф. 164П-1-132 а. 319).
 
Вечарам 7-га красавіка была склікана пазачарговая нарада бюро райкому. Было вырашана развезці хлеб у крамы на машынах на працягу ночы, каб не дапусціць расхопу хлеба з вазоў, як гэта адбылося раней. Колькасць крам была павялічана, как разасяродзіць натоўп.
 
Раніцай 8-га красавіка хваляванні і пагромы хлебных лавак аднавіліся, хоць і ў меншых маштабах. У Нова-Барысаве міліцыя арыштавала найбольш актыўных удзельнікаў хваляванняў, але натоўп атачыў будынак квартальнай міліцыі і перашкаджаў пераводу арыштаваных у Барысаў. Людзі крычалі: «Галодныя просяць хлеба, а вы іх саджаеце».
 
Па многім прадпрыемствам і будоўлям Барысава значная частка рабочых не выйшла не працу і прыняла ўдзел у выступленнях. На адной з будоўляў рабочыя заявілі: Калі перад натоўпам каля адной з хлебных крам выступіў сакратар Барысаўскага райкама Тамашэўскі, абураныя жанчыны засыпалі яго пытаннямі і жальбамі: «Чаму нашым дзецям не даюць хлеба, чым яны горш за іншых?!», «Чаму забяспечваецца Чырвоная Армія, жонкі камсастава, якія нічога не робяць?! », «Згубілі нас!» і г.д. Падчас прамовы Тамашэўскага адзін з рабочых заклікаў натоўп збіць яго, але быў арыштаваны. Натоўп патрабаваў яго вызвалення, але гэта не было зроблена.
 
8-га красавіка барысаўскім рабочым на цэхавых сходах было аб’яўлена, што дзеці аднаўляюцца на цэнтралізаваным забеспячэнні і будуць атрымліваць хлеб (па 200 грам).
9-га красавіка каля хлебных крам зноў сабраліся натоўпы, пераважна з жанчын, але маштабы выступленняў значна зменшыліся. У хлебных крамах было арганізавана дзяжурства брыгад з камуністаў і міліцыянераў. На працягу дня ДПУ зафіксавала тры спробы расхопу хлеба з крам. У Барысаў выехаў сакратар ЦК КП(б)Б па забеспячэнню Рыскін для вырашэння пытання  з харчаваннем і правядзення “адпаведнай партыйна-растлумачальнай працы”.
 
 Трэба адзначыць, што ў дакументах, асвятляючых падзеі “галоднага бунту” ў Барысаве, асобна адзначаецца той факт, што ўдзельнікі выступленняў неаднаразова звярталіся з заклікамі аб дапамозе і паратунку да вайскоўцаў. У Барысаве знаходзіліся казармы 7-га конна-артылерыйскага і 4-га стралковага палкоў. Дукельскі і Зубрыцкі ў сваіх паведамленнях заўважалі, што пад час сутычак з міліцыяй барысаўцы крычалі, звяртаючыся да штабу 7-га артпалка: «Бараніце рабочых, ім не даюць хлеба, саджаюць у турму».
 
Удзень 8 красавіка на вуліцах Барысава з’явіўся натоўп дзяцей, якія ішлі да казармаў 4-га палка і крычалі: «Дайце хлеба і магчымасць вучыцца». Тое ж адзначаў у сваім паведамленні і сакратар Барысаўскага райкома Тамашэўскі: «Часть толпы кинулась к штабу конного артполка и пыталась проникнуть во двор казарм 4-го пехотного полка с обращением к Красной Армии защитить их от голода» (Ф. 424П-1-49 а. 11). Відавочна, людзі верылі ў тое, што Чырвоная Армія абароніць іх ад гвалту ўладаў.
 
Ваенны камісар 7-га артпалка Прышчэпаў паведамляў 15 красавіка 1932 года, што насельніцтва Барысава вядзе актыўную «правакатарскую» дзейнасць сярод чырвонаармейцаў, але «в целом полк выдержал испытание без каких бы то ни было политических издержек». Але ДПУ фіксавала асобныя выказванні чырвонаармейцаў барысаўскіх часцей кшталту: «рабочыя ўжо б’юцца з міліцыяй за хлеб, нам хутка таксама не дадуць хлеба», «рабочы паёк знізілі і за нас возьмуцца», “нам толькі кажуць, што ўжо вырашылі хлебную праблему, а на самой справе хлеба няма”, “калі рабочым не дадуць хлеба, дык яны выступяць супраць Савецкай улады, ды я і сам ня быў бы лепшы ў такім выпадку”. Прышчэпаў адзначаў таксама аб адмоўных выказваннях барысаўчан у адрас чырвоных камандзіраў: «В самом Борисове вслед проходящему начсоставу из массы (обычно из очередей), а вечером, в темноте, из состава какой-либо компании, прогуливающейся по улицам, подаются реплики: “разжирели толстопузые”, “спекулянты”, “те же офицеры” и т.д. (по адресу начальника штаба Николаева, моему и ряда других командиров)» (424П-1-48 а. 26).
 
Прычынамі хваляванняў у Барысаве 7 – 9 красавіка 1932 г., па меркаванням ДПУ і РК КП(б)Б, зафіксаваным у дакументах, сталі наступныя фактары:
1) Першы і, безумоўна, самы галоўны – змяншэнне і без таго мізэрных норм выдачы хлеба, і асабліва – зняцце з цэнтралізаванага забеспячэння дзяцей рабочых і служачых 3-й катэгорыі (найменш важнай, з пункту гледжання дзяржавы). Апошні факт выклікаў асаблівае абурэнне людзей.
2) Адсутнасць на працягу 5 – 6 красавіка дастатковай “растлумачальнай” работы і агітацыі з боку партыйных і савецкіх арганізацый.
3) Дрэнная праца барысаўскай міліцыі.
4) Нерашучасць, пасіўнасць і “трусасць”, праяўленая з боку асобных камуністаў, савецкіх работнікаў і кааператыўных арганізацый, у прыватнасці, ЦРК.
5) Адсутнасць у Барысаве шэрагу работнікаў райкому і раённых арганізацый, якія выехалі ў вёску на правядзенне агітацыйных кампаній.
 
Дарэчы, у пастанове бюро ЦК КП(б)Б ад 14 красавіка 1932 г. па барысаўскім падзеям называюцца тыя ж прычыны: “адсутнасць сапраўды бальшавіцкай працы і паўсядзённай ўвагі з боку парт. і профарганізацыі да пытанняў рабочага забеспячэння, адсутнасць разгорнутай палітычнай працы ў масах, разгубленасць і прытупленне класавай пільнасці з боку часткі партыйнай арганізацыі”.
 
Асобна адзначаліся факты ўдзелу ў хваляваннях камуністаў, жонак камуністаў і кіруючых работнікаў. 12 красавіка 1932 г. бюро Барысаўскага РК КП(б)Б пастанавіла “выявіць меўшыя месца выпадкі выступленняў з боку сямей камуністаў, сяброў прафсаюзу і сяброў Гарсавету супраць мерапрыемств па скарачэнню норм хлеба, пасля чаго мець судженне аб іх партыйнасці” (424П-1-46 а. 3).
 
Як сведчаць пратаколы пасяджэнняў бюро Барысаўскага РК КП(б)Б, на працягу красавіка 1932 г. сваіх пасад былі пазбаўлены – старшыня Барысаўскага ЦРК Розін (які “праявіў поўную разгубленасць і спалоханасць, не стаў на чале кіраўніцтва апаратам у час эксцэсу”), кіраўнікі Барысаўскай міліцыі Шквор і Лібман (за “адсутнасць палітыка-выхаваўчай работы сярод міліцэйскага складу, вынікам чаго явілася патуранне паасобных міліцыянераў класава-варожым элементам у расхопе хлеба”), начальнік ДПУ Барысаўскага раёну Прывольскі. Быў зняты з працы і сакратар Барысаўскага РК КП(б)Б Тамашэўскі.
 
Чуткі аб барысаўскіх падзеях дайшлі і да Мінска, што пацвярджае наступны дакумент – дакладная запіска агітатара Фішкіна ў Мінскі ГК КП(б)Б аб размовах, пачутых на мінскіх вуліцах 18 красавіка 1932 г.: “Справа Барысаву па гораду ўжо вядомая. Так, напрыклад: па Камароўскай вуліцы бабы дамаўляюцца аб тым, што калі здымуць хлеб у ўтрыманцаў, дык яны арганізавана прымуць меры аж да разарэння хлебных лавак” (164П-1-128 а. 102).
 
Невысветленым застаецца пытанне аб колькасці людзей, рэпрэсаваных за ўдзел у барысаўскіх хваляваннях. Працу па выяўленню завадатараў і найбольш актыўных удзельнікаў выступленняў ДПУ пачало адразу. 9-га красавика Дукельскі і Зубрыцкі дакладалі: «По нашей линии приняты следующие меры: на место в гор. Борисов выехала оперативная группа ПП под руководством пом. нач. СПО ПП, коей поручено совместно с аппаратом ГПУ просмотреть имеющиеся материалы и разработки на городской к/р элемент и сезонных рабочих, преимущественно из кулацкой среды и проведение одновременной операции по активно проявившим себя элементам и нашим подучетникам. Срочно прорабатываются лица, выявленные в процессе самого выступления. Дано указание – собирающиеся на улицах толпы рассасывать мерами агентурного порядка, абсолютно избегая оперативного вмешательства» (Ф. 164П-1-132 а. 392).
 
У дакладной запісцы ДПУ ўказана колькасць жыхароў Барысава, якіх планавалася арыштаваць у ноч з 9 на 10 красавіка – 54 чалавека, у тым ліку трое дзяцей (прозвішчы не ўказаны). Пераважную большасць гэтага “антысавецкага элементу” складалі так званыя “былыя людзі” – былыя жандары, афіцэры, памешчыкі, дваране і г.д. (Ф. 164П-1-132 а. 320). Колькі людзей было арыштавана непасрэдна пад час хваляванняў 7 — 9 красавіка 1932 г. – невядома. У палітыка-эканамічным аглядзе Барысаўскага раёна па стану на 1940 год ёсць наступныя звесткі: “В 1932 г. в городе Борисове была вскрыта и ликвидирована к/р группа, которая, воспользовавшись временными затруднениями, пыталась вызвать беспорядки в городе Борисове. В состав к/р группы входили: один бывш. помещик, 5 бывш. полицейских, 1 поп, 2 кулака, 3 торговца, прочих 5, а всего 17 человек” (Ф. 424П-1-196 а. 9).
 
Дукельскі і Зубрыцкі так завяршылі сваю дакладную запіску ад 10 красавіка 1932 г.: “По телефонным сообщениям с мест, в остальных районах БССР эксцессов и резких явлений на этой почве не было”.

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *