«Наша нiва» i «Arche» спраўдзiлi чаканнi бырысаўчан


Выданнi, надрукаваныя ў  мiнулым годзе па iнiцыятыве i падтрымцы рэдакцыi газеты «Наша нiва», прэзентаваны барысаўскiм чытачам. Учора ў Барысаве адбылася сустрэча чытачоў з журналістамі “Нашай нівы” і выдаўцамі літаратурна-мастацкага, навукова-папулярнага часопіса “Arche”.
 

 
 
“Наша ніва” – бадай што  адзінае пэрыядычнае выданьне ў Беларусі, якое мае няхай і нешматлiкае кола чытачоў, але ўдзячнае і адданае. Тым больш прыемна, што цiкавую, разумную, iнтэлiгентную газету робяць маладыя людзi.
 
Зухаватасць, аптымiзм, пачуццё гумару разам з працаздольнасцю, адданасцю справе i адказнасцю  — людзi менавiта з гэтымi простымi чалавечымi якасцямi працуюць у «Нашай нiве».  Трэ было чуць, з якой любоўю да прафесii, да сваiх герояў  i да сваiх сяброў  прэзентавалiся  госцi. А мо i ня госцi, а сябры i знаёмцы. Ураджэнца вёскi Кастрыца Барысаўскага раёна Змiцер Панкавец, як сам ён кажа, самы малады з журналiстаў «Нашай нiвы», быў звольнены з пасады настаўнiка малодшых класаў за вальнадумства. Дзецi, далiбог, страцiлi, але «Наша нiва», а за ёй i чытачы, прыдбалi.
 
Яго калегi i паплечнiкi Алесь Кудрыцкі і Раман Маладзяшын прэзентавалi часопіс “Arche” і кнігi, якія выйшлі, дзякуючы высілкам ягонага рэдактара Валера Булгакава. Таленавітая пісьменніца Наталка Бабіна рассказала пра  выданьні кнігарні “Нашай нівы ” – літаратурныя творы, якія апошнім часам з’явіліся ў аднайменным выдавецтве. Сказала i пра свае кнiгi. Яе раман «Рыбiн горад», паводле словаў аўтаркi,  хутка мае быць выдадзены ў Швецыi, Украiне i Расеi.
 
Аматары добрага беларускага чытва мелi магчымасць набыць кнiгi  i атрымаць  подпiс аўтаркi, а таксама купiць iншыя выданнi з калекцыi «Нашай нiвы».
 
Служба iнфармацыi
«Барысаў Электронны».

Pin It

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *